Ад майстар-класаў народных рамёстваў да выканання ўнікальных фальклорных песень: творчая прэзентацыя Горацкага раёна адбылася ў Магілёве
21 лютага ў Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветнай работы адбылася прэзентацыя Горацкага раёна. Лепшыя вакальныя і харэаграфічныя калектывы прадставілі свае нумары на абласным фестывалі народнай творчасці “Беларусь родная, музычная, народная”, які стартаваў у красавіку 2022 года. Асноўная мэта фестывалю – раскрыццё патэнцыялу раёнаў Магілёўшчыны ў розных сферах і папулярызацыя багатай гістарычнай палітры кожнага кутка нашай вобласці. Магілёў ужо наведалі Бабруйскі, Бялыніцкі, Быхаўскі, Глускі, Кіраўскі, Клічаўскі, Круглянскі, Шклоўскі, Асіповіцкі раёны.
Кожная прэзентацыя была па-свойму ўнікальнай, прэзентацыя Горацкага раёна не стала выключэннем. Сваю творчасць раён прапанаваў на некалькіх лакацыях. Першая – фае ўстановы, дзе размясцілася выстава народнай творчасці. Тут ужо з парога гасцей сустракалі кветкі, вазы і розныя вырабы з саломы ўдзельнікаў аматарскага аб’яднання “Скарбніца”, кіраўніком якога з’яўляецца Ірына Вітальеўна Хізанейшвілі, народны майстар па саломапляценні. Побач з саломапляценнем размясціліся творы з лазы ўдзельнікаў аматарскага аб’яднання “Лазінка”, кіраўнік Галіна Анатольеўна Сцепанькова, народны майстар па лозапляценні. Майстрыхі правялі майстар-клас па сваіх кірунках. Таксама на выставе былі прадстаўлены работы Зушчык Алены Іванаўны, народнага майстра па саломапляценні.
Была прэзентавана і работа аматарскага аб’яднання “Роднае слова”, якое носіць званне народнага калектыву, а менавіта былі прадстаўлены кнігі такіх аўтараў, як Уладзімір Ліўшыц, Ніна Кавалёва, Аляксандр Ведзянееў і іншыя. Узорная студыя мастацкай творчасці “Чарадзейка”, знакамітая сваімі калекцыямі аўтэнтычнага адзення, прадэманстравала калекцыю “Купалінка” – гэта восем сукенак у вольным стылі, упрыгожаных эксклюзіўнымі элементамі з саломы – паясамі і вянкамі ручной працы. Усё дзейства суправаджалася музыкай узорнага інструментальнага ансамбля “Тарантэла” Горацкай дзіцячай школы мастацтваў і вакальна-харавога майстэрства.
Другой лакацыяй стала канцэртная зала “Магілёў”, дзе гасцей фестывалю Горацкі раён сустрэў канцэртнай праграмай “Спявай душа народная”. У канцэрце прынялі ўдзел творчыя калектывы Цэнтралізаванай клубнай сістэмы, дзіцячай школы мастацтваў і вакальна-харавога майстэрства, сярэдняй школы №1, Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Асаблівасцю свята можна назваць выступленне народнага фальклорнага ансамбля “Паршынскія зоры”, традыцыям выканання хрэсбінных і вясельных песень якога прысвоены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Нумар складаўся з трох частак. Падчас першай на экране трансляваўся запіс вясельнай песні, які выконваў першы склад калектыву. На сцэне яго змянілі дзейныя ўдзельнікі ансамбля, яны падхапілі кампазіцыю акапельна. А трэцяя частка нумара – сучасная аранжыроўка гэтага ж твора ў выкананні салісткі раённага Цэнтра культуры.
Тэматыка канцэртнай праграмы была разнапланавай і складалася як з патрыятычных матываў, так і фальклорных, народных, эстрадных. Усяго ў прэзентацыі раёна было задзейнічана каля 200 чалавек.
Па традыцыі скончылася мерапрыемства фінальнай песняй. А наперадзе фестываль народнай творчасці “Беларусь родная, музычная, народная” рыхтуецца сустракаць Дрыбінскі раён.
Крысціна Башарымава, вядучы рэдактар УК “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр НТ і КАР”