АДЧУЦЬ СЯБЕ ЧАСЦІНКАЙ БЕЛАРУСІ
Метадычна-творчая гасцёўня “Не адракуся спадчыны сваёй”, прымеркаваная да міжнароднага Дня роднай мовы, гасцінна прымала ўдзельнікаў свята ў Краснапольскім РЦК.
Гасцёўня “Не адракуся спадчыны сваёй” стала традыцыйнай культурнай з’явай на Краснапольшчыне. Яе арганізатар Марчанка В. А., метадыст РЦК, кіраўнік народнага аматарскага паэтычнага аб’яднання “Світанак” Краснапольскага РЦК, кожны раз імкнецца стварыць магчымасць апынуцца ўдзельнікам гасцёўні ў святле роднай мовы, мастацкага слова, фальклорнай спадчыны, каб далучыцца да каштоўнасцяў культурнай і гістарычнай спадчыны беларускага народа, адчуць сябе яго часцінкай. Гасцёўня – гэта яшчэ і эфектыўная форма метадычнай вучобы кадраў устаноў культуры, праз якую можна падзяліцца вопытам з калегамі і фарматам правядзення мерапрыемства, і рознымі прыёмамі і формамі работы.
У праграму гасцёўні ўвайшло падвядзенне вынікаў расійска-беларускага конкурсу літаратурнай творчасці аматараў слова “Мы на матчынай мове жывём”, дзе пераможцам былі ўручаны дыпломы. Удзельнікамі конкурсу сталі творчыя асобы Бранскай вобласці Расійскай Федэрацыі, Гомельскай і Магілёўскай абласцей Беларусі.
Кажуць, каб мову шанаваць, трэба не маўчаць. Упэўнена і шчыра гучала ў гасцёўні роднае слова з вуснаў пераможцаў конкурсу, якія мелі магчымасць трапіць у гасцёўню; творы тых, хто не змог прысутнічаць, гучалі з вуснаў артыстаў РЦК.
З выдавецкай літаратурай народнага аматарскага паэтычнага аб’яднання “Світанак” можна было пазнаёміцца праз выстаўку “Мы жыцця свайго песню складаем”.
Традыцыйна да святкавання міжнароднага Дня роднай мовы ў гасцёўню былі запрошаны творчыя асобы і сябры з замежжа – суседняга Краснагорскага раёна Бранскай вобласці. Толькі ў гэтым годзе, па прычыне пандэміі, удзел адбыўся ў анлайн рэжыме. З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнулася дырэктар МБУК “Краснагорская МЦРБ” Г. М. Ставінава (Расія). У адказ для расійскіх сяброў і калег былі адпраўлены творчыя работы беларускіх канкурсантаў конкурсу “Мы на матчынай мове жывём” і Падзяка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Краснапольскага райвыканкама за творчае і плённае ўзаемадзеянне і арганізацыю работы па захаванню роднай мовы, традыцыйнай культуры, па ўмацаванню братэрскіх сувязяў памежных расійска-беларускіх раёнаў.
Мова – гэта кладачка, па якой да нас прыходзіць наша мінуўшчына.
Зразумела, у гасцёўні можна было дакрануцца да фальклорнай спадчыны, пачуць сакавіты фальклор Краснапольшчыны, пазнаёміцца праз выстаўку з народнымі рамёствамі роднага краю.
Гасцёўня “Не адракуся спадчыны сваёй” у гэтым годзе была прымеркавана і да Году гістарычнай памяці. У праграму гасцёўні арганічна ўвайшлі і песенныя творы патрыятычнай тэматыкі. Пранікнёна гучалі яны ў выкананні народнага клуба ветэранаў “Дабрыня”. Марчанка В. А., кіраўнік аб’яднання “Світанак”, прэзентавала свой зборнік “Эта память вовек не сотрётся”, у якім – творы гісторыка-патрыятычнага зместу, а дырэктар ДУК “Краснапольскі раённы гісторыка-этнаграфічны музей” Л. М. Пшанічнікава прэзентавала выстаўку экспанатаў на тэму “Помним. Гордимся”.
Сучасны свет характарызуецца складанасцямі у сацыяльна-палітычным жыцці і складаным культурна-інфармацыйным асяроддзем. Таму выхаванне грамадзянска-патрыятычных пачуццяў, фарміраванне нацыянальнай самаідэнтычнасці з’яўляецца важнай складаючай у рабоце культурных устаноў. Як адбываецца гэты працэс у дзейнасці клубных устаноў ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна” можна было даведацца з выступлення дырэктара установы Ю. П. Падалякіна.
У гасцёўні прыняла ўдзел С. А. Сазонава, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Краснапольскага райвыканкама.
Зварот да такіх фактараў, як мова, традыцыі і звычаі, народная творчасць, мастацтва, гістарычная памяць, спрыяюць фарміраванню і захаванню нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці і кансалідацыі грамадства. Зварот да гэтых фактараў і поўніў змест святочнай гасцёўні - 2022 “Не адракуся спадчыны сваёй”, даваў магчымасць адчуць сябе часцінкай Беларусі.
Валянціна Марчанка, метадыст ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”