Адкрыццё пляцоўкі “Галасы пакінутых вёсак” адбылося на Краснапольшчыне
1986 год… 26 красавіка… Краснапольшчына апынулася ў зоне моцнага радыяцыйнага забруджвання. Чарнобыльскі мерыдыян працягнуўся паміж крайнімі кропкамі раёна амаль на 50 км.
Да 1986 года на Краснапольшчыне ў 174 населеных пунктах пражывала 22376 чалавек, у тым ліку 15576 вяскоўцаў. Адразу пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС з зоны радыёактыўнага забруджвання раёна выехала 3121 сям’я, а гэта больш 9 тысяч чалавек. З таго часу насельніцтва раёна паменьшаецца з кожным годам.
Не знайсці на карце ужо 89 вёсак Краснапольскага раёна. Але ў памяці вяскоўцаў назаўсёды засталіся кожны двор і яго жыхары, бэз каля дома суседзяў, усе родныя бярозкі і ліпкі.
Кожную вясну, гэта зямля, як маці, сустракае сваіх дзяцей квітнеючым садам, быццам заклікаючы вярнуцца сюды калі-небудзь. Вярнуцца, калі зраненая Чарнобыльскім попелам зямля скіне з сябе цяжар радыяцыі і адродзіцца, каб жыць...
Пляцоўка «Галасы пакінутых вёсак», якая з’явілася ў Краснаполлі, уяўляе сабой комплекс з 5 квітнеючых яблыневых дрэў, мармуровай пліты, размешчанай у цэнтры пляцоўкі, лавак для адпачынку. Кожная яблыня, на таблічках якой нанесеныя назвы зніклых вёсак, абазначае тэрытарыяльную адзінку (сельскі савет) і з’яўляецца сімвалам надзеі і адраджэння. Цытата з верша В. Марчанкі, кіраўніка народнага аматарскага літаратурнага калектыву, размешчаная на мармуровай пліце, адлюстроўвае думкі кожнага жыхара зніклых вёсак, якія прыязджаюць на сваю малую радзіму.
Пляцоўка зроблена намаганнямi неабыякавых жыхароў Краснапольшчыны, работнікаў Жылкамунгаса, спецыялістаў галіны культуры, пры фінансавай падтрымцы Адкрытага акцыянернага таварыства “Ашчадны банк “Беларусбанк”, дзяржаўнай лесагаспадарчай установы “Краснапольскі лясгас”, Магілёўскай абласной асацыяцыі мясцовых саветаў дэпутатаў, дэпутатскага корпусу раёна, арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў раёна, індывідуальных прадпрымальнікаў.
На інфармацыйным шчыце размешчаны QR-код, дзякуючы якому кожны чалавек мае магчымасць даведацца пра пакінутыя вёскі Краснапольскага раёна.
На мерапрыемстве прысутнічалі: старшыня Краснапольскага раённага выканаўчага камітэта В.Я.Наско, старшыня Краснапольскага раённага Савета дэпутатаў А.Я.Маторын, член Савета Рэспублікі І.А.Сяргееў, начальнік Магілёўскага абласнога ўпраўлення №700 Адкрытага акцыянернага таварыства “Ашчадны банк “Беларусбанк” А.С.Саснавец, ініцыятар праекта “Галасы пакінутых вёсак” А.А. Гоман, старшыня Яноўскага сельскага выканаўчага камітэта, ініцыятар праекта “Галасы пакінутых вёсак” Н.Л.Лагуціна.
Прадстаўнікі органаў улады, арганізацый раёна, грамадскіх аб’яднанняў, сродкаў массавай інфармацыі, прадпрымальнікі, неабыякавыя жыхары Краснапольскага раёна, былыя жыхары адселеных вёсак.
Кожнаму прысутнаму адгукнулася выступленне Наталлі Карнеенка, жыхаркі вёскі Драгамілава, артысткі тэатральнай студыі раённага Цэнтра культуры, якая падзялілася сваімі ўспамінамі аб маленькай радзіме, а таксама пачытала верш В.Марчанкі “Маленькая радзіма…” .
У жыхароў адселеных вёсак шчыміць нязгасным болем у сэрцы ў час успаміну. Не чуваць ужо болей гамонак руплівых жанчын, спяшаючых на працу, гула машын, трактароў, звонкага дзіцячага смеху, не чуваць спеваў жаваранкаў, якія кожную весну будзілі ад зімняга сну ўсё наваколле.
Убачыць квецень тых яблынькаў, якія засталіся ў садзе роднай вёскі дапамаглі удзельнікі тэатралізаванай кампазіцыі (па вершы С.Сазонавай) – харэаграфічны калектыў раённага Цэнтра культуры “AZART” (у вобразах яблынь) і вядучая артыстка народнага тэатра Ганна Снытко (жанчына – вобраз вёскі). Песні Алены Трафімавай і Ангеліны Бартлевіч падарылі удзельнікам мерапрыемства цяпло, пяшчоту і ўпэўненасць, што жыццё працягваецца.
Напрыканцы мерапрыемства ўдзельнікі мерапрыемства завязалі белыя і зялёныя стужкі на яблыні, белыя – як сімвал чысціні, зялёныя – як сімвал узраджэння, а таксама прылучыліся да пасадкі яблыневых дрэў. Кожную вясну квітнеючыя яблыні будуць прывабліваць сваім водарам і дарыць надзею на ўзраджэнне.
Каб заўсёды квітнелі сады на маленькай радзіме, каб чакала яна дадому сваіх дзяцей!!!
С.Сазонава, загадчык метадычнага аддзела РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”