АДКРЫВАЛІ ТАЯМНІЦЫ РОДНАЙ ЗЯМЛІ
						
Таямніцы роднай зямлі, малавядомыя старонкі гісторыі і культурнай спадчыны адкрывалі краязнаўцы-аматары Краснапольшчыны на VII регіянальных краязнаўчых чытаннях “Мой край: вядомы, невядомы”, якія адбыліся 30 кастрычніка ў Краснапольскім РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”.
Пасля ўрачыстага адкрыцця чытанняў з аналітычнай інфармацыяй па паспяховаму выкарыстанню вынікаў краязнаўчай дзейнасці, якая праводзіцца ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна”, з мэтай абмену вопытамвыступіла арганізатар чытанняў метадыст РЦК Марчанка В. А. Яна прывяла канкрэтныя прыклады такой дзейнасці, яе папулярызацыі і падкрэсліла важнасць краязнаўства, якое дазваляе насычаць культурныя мерапрыемствы канкрэтным мясцовым матэрыялам, захоўваць каларыт, самабытнасць сваёй культурнай спадчыны і трансліраваць, перадаваць гэты каштоўны капітал.


На VII краязнаўчых чытаннях былі выкарыстаны розныя намінацыі і тэмы краязнаўчых работ, розныя іх жанры і фарматы прадстаўлення краязнаўчых і творчых матэрыялаў. Сярод іх – даклады, артыкулы, эсэ, даследванні, паведамленні, прэзентацыі, жывое выкананне песенных і літаратурных твораў.
У намінацыі “Нашы землякі” выступіла Пшанічнікава Л. М., дырэктар ДУК “Краснапольскі раённы гісторыка-этнаграфічны музей”. Яе работа была прысвечана нашаму знакамітаму земляку, паэту А. В. Пысіну, 105-годдзе якога адзначаецца ў гэтым годзе. Пшанічнікава Л. М. паведала пра ўшанаванне памяці земляка праз стварэнне музея А. Пысіна ў Палужскай школе, пра асаблівасці музея і яго дзейнасці, распавяла пра цікавыя старонкі і выпадкі з жыцця паэта, прачытала радкі яго вершаў. А насычаная слайд-прэзентацыя перанясла прысутных у музей паэта.


Адзін са сваіх вершаў, прысвечаных А. Пысіну, як знак ушанавання яго памяці, прачытала аўтар В. Марчанка, кіраўнік народнага аматарскага літаратурнага калектыву “Світанак” Краснапольскага РЦК.
У намінацыі “Нашы землякі” сваю работу – артыкул “Андрэй Ганчарэнка і яго жаданне зрабіць свет лепшым праз мастацтва” прадставіла Амельчанка А. В., карэспандэнт аддзела па выпуску раённай газеты “Чырвоны сцяг. Краснаполле”. Андрэй Ганчарэнка – народны майстар, які жыве ў Краснаполлі, ён займаецца мастацкай апрацоўкай дрэва і вырабляе дзіцячыя драўляныя цацкі ў традыцыях былых мясцовых майстроў. Ён чалавек, апантаны творчасцю і ўлюблёны ў сваю малую радзіму.
У намінацыях “З гісторыі вёсак”, “Этнаграфія”, “Фальклор” свае краязнаўчыя матэрыялы прадстаўлялі аматары-краязнаўцы з ліку клубных работнікаў. Гэта вельмі радуе, таму што клубныя ўстановы і павінны быць захавальнікамі і транслятарамі гістарычнай і культурнай спадчыны, і іх дзейнасць павінна прадугледжваць сістэму перадачы гэтай спадчыны, сістэму мерапрыемстваў на краязнаўчай аснове.


“З гісторыі вёскі Тур’я і калгаса “Рассвет”, “Вёска Глініца або Гніліца? Адкуль такія назвы?”, “Горская Святая крыніца і абрадавае свята Дзясятуха” – так гучалі тэмы выступленняў Зенчанка А. І., загадчыцы Тур’яўскога СДК, Кандраценка А. У., культработніка Ленінскага СДК, Грыбанавай Л. П., культарганізатара Горскага СДК. Выступленні былі ўспрыняты з інтарэсам і прадэманстравалі вопыт работы клубных фарміраванняў па традыцыйнай культуры гэтых клубных устаноў – аматарскіх аб’яднанняў “Этнограф”, “Нити наследия”, “Народны каляндар”.
Вынікі сваіх краязнаўчых пошукаў па гісторыі вёсак Горы і Выдранка, культавых і прыродных асаблівасцей гэтых мясцін метадыст Марчанка В. А. яшчэ раней аформіла ў выглядзе брашураваных выданняў, альбомаў, буклетаў. Іх можна знайсці ў метадычным кабінеце РЦК. Пад час чытанняў яна зрабіла агляд зместу сваіх работ “Горы – жамчужына Краснапольшчыны” і “Большая история маленькой деревни” (в. Выдранкі), кароткую прэзентацыю матэрыялаў і прапанавала знаёмства з імі ў вольным рэжыме, а таксама – іх выкарыстанне ў культурнай дзейнасці.А ў сувязі з тым, што царкве Дзмітрыя Растоўскага ў в. Выдранка споўнілася ў гэтым годзе 120 гадоў, яна зрабіла выступленне на тэму “Дзмітрый Растоўскі, чыім імём названа царква”.
Унікальны ці самы цікавы экспанат этнахаткі. Думаецца, такія знойдуцца ў кожнай клубнай установе ці музеі. Пра такія экспанаты этнахаткі Яноўскага СДК распавяла Яфімчык Т. В., загадчыца гэтай установы. Адным з такіх экспанатаў аказаўся ручнік, які сам “расказвае” сваю гісторыю. Ён указвае і на майстра, і на месца яго аздаблення вышыўкай, і на час. І ўсё дзякуючы вышытаму на ручніку надпісу: “В войну во время работы в альшанском лесу в марте месяце 1945 года вышивала Е. Т.” А самым цікавым экспанатам яноўскай этнахаткі наведвальнікі лічаць калыску. Чаму? Ды таму што ў ёй калыхалі калісь немаўлятку Наталлю, …цяперашнюю старшыню Яноўскага сельскага Савета Лагуціну Н. Л. Пад час свайго выступлення Яфімчык Т. В. нават праспявала калыханку той далёкай пары.
У намінацыі “Фальклор” краязнаўчае даследванне на тэму “Фальклор аб сямейных традыцыях і каштоўнасцях” прадставіла Марчанка В. А. Даследванне яна правяла па сабраных у свой час фальклорных песенных творах сваёй мясцовасці, якія ўвайшлі ў рэпертуар народнага фальклорнага ансамбля “Горскія харашухі”, кіраўніком якога яна з’яўляецца. У якасці ілюстравання свайго даследвання ёю былі працытаваны і напеты адпаведныя радкі гэтых песень. А тэма даследвання, згадзіцеся, актуальная ў наш час!

Вядучыя чытанняў Кустоў Д. У. і Качанава А. А. звярнулі ўвагу прысутных на краязнаўчыя артыкулы, размешчаныя на працягу года ў раённай газеце. Сярод іх матэрыялы на ваенную тэму ў сувязі з 80-годдзем ПерамогіЛазовіка В. І., супрацоўніка раённага музея, і Басарымавай В. А, супрацоўніцы раённай газеты, пад рубрыкай “Судьбы поколений”.
З рознымі краязнаўчымі матэрыяламі можна было пазнаёміцца і праз выстаўку краязнаўчых работ, выдадзеных у розных формах.

Удзельнікам чытанняў былі ўручаны дыпломы.
Родны край -са сваімі асаблівасцямі і здабыткамі, сваёй гісторыяй і культурай, помнікамі і храмамі, асобамі…
Яго партрэт і “малявалі” аматары-краязнаўцы Краснапольшчыны VII рэгіянальных краязнаўчых чытанняў “Мой край: вядомы, невядомы”. А песня “Старонка родная” у выкананні Л. Кратцовай, кіраўніка і салісткі народнага ансамбля народнай песні “Спадчына” Пачапоўскага СДК,прагучала гімнам нашай любові да роднага краю: вядомага і невядома, які мы будзем нястомна пазнаваць. Далучайцеся да краязнаўства і вы, сябры! Адкрывайце таямніцы роднай зямлі.
 
Валянціна Марчанка, метадыст РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”