АНСАМБЛЮ “СПАДЧЫНА” НАДАДЗЕНА НАЙМЕННЕ “НАРОДНЫ”

Радасная вестка прыйшла на Краснапольшчыну – ансамблю народнай песні “Спадчына” Пачапоўскага СДК ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна” рашэннем Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (№54 ад 05.05.2025 года) нададзена ганаровае найменне “народны”.
Калектыў быў заснаваны ў 1994 годзе на базе Пачапоўскага СДК Людмілай Каратцовай, якая да гэтага часу з’яўляецца яго нязменным кіраўніком. На працягу 30-гадовага жыцця калектыву яго састаў змяняўся, але нязменнымі заставалася любоў да народнай песні і мастацкай творчасці простых вясковых жанчын. На сённяшні дзень асноўны састаў калектыву – гэта ўсяго чатыры жанчыны, але творчае жыццё гэтага гурта насычанае і мае высокі выканальніцкі ўзровень.
Рэпертуар ансамбля разнастайны: ён уключае, як народныя песні, так і аўтарскія. Яны выконваюцца ансамблем і асобнымі яго салісткамі, бо кожная з іх мае цудоўны голас. Апошнім часам рэпертуар актыўна ўзбачаецца аўтэнтычнымі творамі, бо сярод спявачак ансабля ёсць унікальны носьбіт такіх твораў – Ніна Фядосаўна Яцутка, 80-гадовая жанчына, якая імкнецца перадаць сваім сяброўкам па творчасці свой бясценный песенны капітал. Стаўленне калектыву да народнай спадчыны адлюстроўваецца ў самой яго назве – “Спадчына”.
Удзельніцы ансамбля захоплены сваёй творчай справай. На гэта іх натхняе і любоў да песні, і магчымасць удзелу ў розных конкурсах і фестывалях, адкуль яны вяртаюцца з высокімі адзнакамі журы. Ансамбль можна сустрэць як у аддаленых вёсках, так пачуць і пабачыць на культурных мерапрыемствах рознага ўзроўню – ад раённых да міжнарподных.
Вопыт работы калектыву з народнай песняй выкарыстоўваецца ў метадычнай рабоце, арганізаванай метадыстам па традыцыйнай культуры Краснапольскага РЦК. Гэты вопыт варты вывучэння і пераймання.
У мэтах цяпер ужо народнага ансамбля народнай песні “Спадчына” – працягнуць дзейнасць па зберажэнню традыцыйнай песеннай культуры, рэгіянальных яе асаблівасцей, каб пачулі і нашчадкі непаўторны голас роднай зямлі.
А мы віншуем калектыў з атрыманнем ганаровага наймення “народны” і жадаем плёну ў яго творчасці і новых дасягненняў.
Валянціна Марчанка, метадыст РЦК ГУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”