Асіповіччына адсвяткавала Дажынкі
Дарогу да Вяззя ўпрыгожваў традыцыйны прыдарожны агра-арт: уздоўж трасы з'явіліся саламяныя млыны, даяркі, паравоз. Перад уездам у аграгарадок усіх гасцей і гледачоў сардэчна віталі саламяныя выявы Гаспадара і Гаспадыні.
Раённае свята працаўнікоў вёскі “Дажынкі - 2014” пачалося святочным шэсцем, якое ўзначаліў парад механізаванай калоны сельскагаспадарчай тэхнікі. За тэхнікай рушылі дэлегацыі сельгаспрадпрыемстваў і калектывы мастацкай самадзейнасці раёна. Ушанаванне герояў жніва-2014 прайшло ў глядзельнай зале Вяззеўскага СДК. Працаўнікі атрымалі Ганаровыя граматы райвыканкама, лісты падзякі і грашовыя прэміі, а ўручыў заслужаныя ўзнагароды старшыня райвыканкама Пётр Шукаловіч. Сцэнарый прадугледжваў не толькі ўзнагароджванні, песні і танцы, але і размову з пераможцамі жніва. Было і частаванне свежым караваем.
На тэрыторыі Вяззеўскага Дома культуры з самага ранку разгарнуўся святочны гандаль, працавалі дзіцячыя атракцыёны, “падворкі” клубных устаноў Асіповіцкага раёна і Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі з выставамі-продажамі тэматычнай сувенірнай прадукцыі і дэгустацыяй страў беларускай кухні, гульнёвыя і спартыўныя пляцоўкі. Сваю прадукцыю і вырабы прадставілі Асіповіцкі хлебазавод, Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў, філіял “Асіповіцкі” ААТ “Бабушкина крынка”, Асіповіцкі камбінат бытавога абслугоўвання, Асіповіцкі прафесійна-тэхнічны каледж. На беразе вадасховішча была арганізавана дэгустацыя юшкі і продаж рыбнай прадукцыі рыбгаса “Свіслач”.
На працягу ўсяго свята на адкрытай канцэртнай пляцоўцы выступалі калектывы мастацкай самадзейнасці Асіповіччыны, а таксама госці з Гомельскай вобласці – народны ансамбль танца “Весніца” Акцябрскага Цэнтра вольнага часу. Незабыўным момантам стаў вясельны абрад для маладых, якія адразу пасля рэгістрацыі шлюбу завіталі на свята не выпадкова: малады муж – жыхар аграгарадка Вяззе. У выкананні народнага ансамбля народнай песні “Вязанка” Вяззеўскага СДК у адрас маладых гучалі велічальныя песні і пажаданні.
У той час, як на адкрытай канцэртнай пляцоўцы адзін аднаго змянялі творчыя калектывы раёна, на святочным кірмашы і ў горадзе майстроў кіпеў гандаль. На свяце можна было смачна пачаставацца, стаць удзельнікамі латарэі, гульняў і атракцыёнаў, набыць непаўторныя вырабы, панаглядаць за працай майстроў, прыняць удзел у спартыўных спаборніцтвах. Цікавым атрымаўся майстар-клас навучэнцаў групы парыкмахераў з прафесійна-тэхнічнага каледжа. Неабыякавымі пакінула гледачоў свята шоу на вадзе, якое паказалі спартсмены Мінскага аквабайкерклуба “Пірання”. Такое відовішча на Асіповіччыне было прадстаўлена ўпершыню.
У глядзельнай зале Дома культуры быў паказаны дзіцячы спектакль, падрыхтаваны юнымі артыстамі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, прайшлі кінавідэапаказы для дзяцей і дарослых.
Завяршылася свята маладзёжнай дыскапраграмай.
Загадчыца сектара традыцыйнага мастацтва і культурна-дасугавай дзейнасці раённага аддзела народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Асіповіцкага раёна” Хамянок Н.А., метадыст Русак А.З.