“Ах, дзяцінства – вачэй зачараванне!”
Барацьба за тытул “Чараўніца-2015” сярод сямі цудоўных прыгажунь разгарнулася не жартоўная. Каб пераканаць гледачоў, журы і канкурэтак у сваёй асаблівасці і непаўторнасці, ўдзельніцам конкурсу прыйшлося папрацаваць на славу. Для адных гэта быў першы выхад на сцэну, а другія на ёй ужо асвоіліся, але хваляваліся і выкладваліся па поўнай праграме ўсе без выключэння. Конкурс праходзіў у тры туры. Як ужо заведзена ў конкурсах такога роду, спачатку ўдзельніцы па-майстэрску прадставіліся публіцы ў Візітнай картцы “Свет прынцэс”. Журы ацанілі фантазію чараўніц, уменне гаварыць і паказаць сябе з лепшых бакоў. Далей ішоў творчы конкурс “Я – зорка”, у якім маленькія “зорачкі” прадэманстравалі свае таленты: вакал, пластычнасць, пачуццё рытму, артыстычнасць. У трэцім туры “Маленькая модніца” удзельніцы прадставілі свае лепшыя ўборы, а таксама касцюмы любімых казачных герояў. Самыя вынаходлівыя з гонарам прадэфілявалі ў бальных сукенках ўласнага вырабу. Не адразу разабраліся гледачы і члены журы, што рознакаляровыя, пышныя сукенкі – не што іншае, як звычайныя паліэтыленавыя пакуначкі. Атмасферу свята вясны, дзяцінства і прыгажосці ў перапынках паміж конкурсамі падтрымлівалі юныя выканаўцы, выхаванцы Маладзёжнага культурнага Цэнтру “Юнацтва”. Журы шчодра ацэньвала канкурсантак. Адзнак ніжэй 4 балаў не выстаўлялася. Але конкурс – ёсць конкурс. Нягледзячы на багацце тытулаў “Міс”: “Міс Пяшчотнасць”, “Міс Прывабнасць”, “Міс Усмешка” , “Міс Казка”, “Міс Фота”, “Міс Фантазія”, галоўны прыз і Дыплом пераможцы дастаўся самай чароўнай чараўніцы Вікторыі Саўчанка. Дзіўна, але пасля абвяшчэння вынікаў сярод удзельніц не было засмучаных або расчараваных. Дзяўчынкі па-дзіцячаму шчыра радаваліся свайму асабліваму поспеху, тытулу і падарунку. Кожная лічыла сябе пераможцай, а гэта галоўнае!
Наталля Дробышава, намеснік дырэктара цэнтралізаванай клубнай сістэмы Касцюковіцкага раёна