“Благаславі, Божа, Прачыстая Маці, нам вясну гукаці, нам вясну гукаці….”
З такіх загукальных матываў пачалося ўжо традыцыйнае свята “Гуканне вясны ў Галавенчыцах”, якое святкуецца штогод 7 красавіка на Благавешчанне народным фальклорным гуртом “Незабудкі” вескі Галавенчыцы Чавускага раёна Магілеўскай вобласці.
Значна тое, што сёлета да носьбітаў гэтай абрадавай падзеі далучыўся і дзіцячы этнаграфічны гурт “Святкі”, удзельнікі якога займаюцца пры дзяржаўнай установе культуры “Маладзёжны культурны цэнтр” г. Чавусы, кіраўнік Балоціна Таццяна Эдуардаўна (абрадавед, этнограф).
Гэта была першая сустрэча двух калектываў, але ж не простая: хваляваліся ўсе, асабліва дзеці, аб тым, як знакамітыя бабулі іх прымуць да сабе. Акрамя таго, “Святкі” ужо прыехалі да іх з падрыхтаваным скарбам, які пераймалі з аўдыё-відэаматэрыялаў, запісаных раней спецыялістамі метадычнага аддзела раённага Цэнтра культуры і вольнага часу і навуковымі супрацоўнікамі Інстытута культуры Беларусі.
Трэба адзначыць, што сярод сучаснай моладзі і падлеткаў рэдка знойдзецца аматар, прыхільнік традыцыйнай культуры, але дзеткі з фальклорнага гурта “Святкі” з вялікім задавальненнем вадзілі карагоды, пелі веснавыя песні, гулялі ў традыцыйныя гульні разам з бабулямі.
Свята скончылася. І ўдзельнікі гуртоў спадзяюцца зноў на скорую сустрэчу ў далейшых мерапрыемствах, а таксама на плённую падрыхтоўчую працу з мэтай пераемнасці нематэрыальнай гісторыка-культурнай каштоўнасці ад “Незабудак” да маленькіх “Святак”.
Далецкая А.В. метадыст
па традыцыйнай культуры
РЦК і вольнага часу