«Благаславі, Божа, Прачыстая Маці, нам вясну гукаці...»

Толькі 7 красавіка 2024 года на Благавешчанне на тэрыторыі вёскі Галавенчыцы Чавускага раёна гукаюць вясну.
Заўсёды ў гэты святочны дзень работнікі культуры аграгарадка Вусце, клубныя работнікі раёна, удзельнікі народнага ансамбля народнай музыкі і песні «Землякі» раённага Цэнтра культуры і вольнага часу, якія з’яўляюцца пераемнікамі галавенчыцкіх традыцый, прыязджаюць да носьбітаў і на падрыхтаванай пляцоўцы ладзяць мясцовае свята разам з малодшым пакаленнем. На гэты раз на мерапрыемства прыехалі і вучні Вусцянскай школы.



З пачатку свята загадчык культурна-спартыўнага цэнтра аграгарадка Вусце Людміла Кавалёва расказала, чаму мы менавіта тут сабраліся.
Калі мерапрыемства толькі пачыналася і дзеці развешвалі папяровыя птушкі ды рознакаляровыя стужкі на дрэва, раздаўся ў небе крык птушак – гэта ляцеў клін дзікіх качак, што вельмі сімвалічна да гэтага свята.
Потым па вёсцы панесліся абрадавыя спевы ў выкананні ўдзельніцы аўтэнтычнага фальклорнага ансамбля «Незабудкі» Людмілы Сцяпанаўны Каханоўскай і народнага ансамбля «Землякі», якія традыцыйна спяваюць на Галавенчыцах у час гукання вясны. Гэта мясцовая веснавая песня «Благаславі, Божа», песня-карагод «Па беражку», песня-гульня «А мы проса сеялі». Затым удзельнікі свята разам з дзецьмі гушкалі печаных жаваронкаў з заклічкамі: «Жавароначкі, прыляціця, вясну красную прынясіця… ууууу…». І, як бы паслухаўшы ды пагадзіўшыся з заклічкамі, з-за хмарак выглянула сонейка…
Абрадавыя спевы, карагоды, гульні, заклічкі, печаныя жаваронкі, традыцыйная прысмакі ў канцы абрадавых момантаў заўсёды падабаюцца мясцовай дзятве. У такія моманты, калі далучаюцца да традыцый моладзь і дзеці, хочацца верыць, што спадчына наша будзе жыць у наступным пакаленні.


Алеся Далецкая, загадчык аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў РЦКіВЧ ГУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Чавускага раёна»