Благавешчанне на Касцюкоўшчыне
7 красавіка ў аграгарадку Сялецкае адбылося раённае свята “Благавешчанне-2023”.
У народным каляндары Благавешчанне звязана з культам зямлi. У прыродзе ў гэту пару абуджаецца, адмыкаецца зямля. Нельга было да Благавешчання ўсе працы ў полі рабіць, ставіць агароджы, каб не замкнуць нябесную вільгаць і не наклікаць засуху. Разам з зямлёй на свята “адкрывалася” чалавеку і вада. У народзе казалі: на Благавешчанне сам Бог кідае цёплыя камяні ў ваду, і яна становіцца цёплай. Благавешчанне выпадае на час посту, калі спяваць і весяліцца забараняецца, але ў гэты дзень нашы продкі рабілі выключэнне, бо патрэбна было заклікаць вясну і цяпло. Таму ў Сялецкам гэты дзень адрозніваецца асаблівай гучнасцю: жыхары ладкуюць свята, запрашаюць гасцей з усяго раёну, спяваюць песні, водзяць карагоды і ва ўвесь голас крычаць вяснянкі. Па сённяшні дзень тут жывуць асаблівыя традыцыі: старэйшая жанчына запрашае ўсіх на карагод с ўпрыгожанным колам і катаюць па кругу 40 разоў, а маладзейшыя сочаць за тым, каб яно не ўпала; танчаць свае традыцыйныя танцы і гучна стукаюць нагамі па зямлі, каб хутчэй зямля абудзілася, і спяваюць абрадавыя песні.
Усіх гасцей свята вітаў старшыня Сялецкаўскага Савета Прахарэнка Сяргей Эдуардавіч. Ён запрасіў ускласці кветкі да памятнай дошкі воіна-інтэрнацыяналіста і даў старт святу. У рамках свята адбылося традыцыйнае спаборніцтва паміж сельскімі Саветамі на лепшую тэматычную пляцоўку “Вясна-красна, ідзі сюды”, на якой патрэбна было прадставіць карзіну “Вясновыя прысмакі”. У склад журы ўвайшлі намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Іванаўна Манушэнка, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Аксана Федараўна Іванова, а таксама старшыні ўсіх сельскіх Саветаў. Для мясцовых жыхароў майстры раённага Дома раместваў арганізавалі майстар-класы па выкананню вясновай птушкі з бумагі і тканіны, працавалі тарговыя рады з выпечкай, а калектыў сельскага Савета падрыхтавалі пляцоўку, дзе гатавалі смачную уху і дранікі.
Па выніках конкурсу першае месца раздзялілі Дзямідавіцкі, Беладубраўскі і Сялецкаўскі сельскія Саветы, другое месца – Новасаматэвіцкі і Забычанскі сельскія Саветы, трэцяе – Баронькаўскі і Пралетарскі сельскія Саветы. Творчую праграму падрыхтавалі каллектывы Сялецкаўскай, Тупічынскай, Муравільскай, Пралетарскай, Новасаматэвіцкай клубнай установы.
Калі верыць пракметам, то раённае свята “Благавешчанне-2023” прайшло па ўсім традыцыям, каб увосень сабраць багаты ураджай: ішоў дождж, ўсе спявалі, радавалісь жыццю, гукалі вясну, рабілі абрады. Будзем і далей захоўваць свае традыцыі, каб наша моладзь любіла сваю малую радзіму!
Святлана Захарэнка, намеснік дырэктара ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Касцюковіцкага раёна”