БУДЗЕМ ТРЫМАЦЦА РАЗАМ
“Будзем трымацца разам” – пад такой назвай на Краснапольшчыне адбылося ўрачыстае мерапрыемства да Дня народнага адзінства.
Усе эпізоды святочнай дзеі ад пралога да фінала настройвалі ўдзельнікаў на ўспрыманне замысла, выказанага гэтымі словамі, і выклікалі аб’ядноўваючае пачуццё і гонар за сваю Радзіму.
У свяце прынялі ўдзел прадстаўнікі розных пакаленняў і грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый раёна, кіраўніцтва раёна.
Пра адзінства нашага грамадства, якое заснавана на маральных і духоўных каштоўнасцях, аб неабходнасці перадачы гістарычнай праўды наступным пакаленням выказаўся ў прывітальным слове старшыня Краснапольскага райвыканкама В. Я. Наско.
Настаўніца гісторыі Краснапольскай САШ Т. У. Гелетэй распавяла пра гістарычныя моманты, звязаныя з яднаннем Заходняй і Усходняй Беларусі.
Аб імкненні моладзі краіны і Краснапольшчыны быць актыўнымі ўдзельнікамі сацыяльных працэсаў і грамадскага жыцця дзеля росквіту Беларусі і малой радзімы з гонарам распавяла першы сакратар раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “БРСМ” А. І. Саранкова.
Нас аб’ядноўвае адна краіна, яе гісторыя, культура і яшчэ мноства з’яў нашага жыцця. Цэлы ланцуг такіх сацыяльных і культурных з’яў і падзей быў прадстаўлен у праграме святочнага мерапрыемства “Будзем трымацца разам”, распрацаванага метадыстам РЦК В. А. Марчанка.
Духоўнымі сувязямі ўмацоўвае пакаленні народная культура, аб’ядноўваючай сілай для беларусаў з’яўляецца творчасць класікаў беларускай літаратуры, беларуская мова, праца, гісторыя. Для раскрыцця сутнасці кожнай з гэтых каштоўнасцей і эпізодаў сцэнарыя былі выкарыстаны розныя дакументальныя і мастацкія сродкі: відэарад, мастацкае слова, музыка, харэаграфія, дакументальная хроніка, жывые героі дня і іншыя.
“У ходзе мерапрыемства было нямала повадаў для гонару за поспехі юных і дарослых жыхароў раёна – у розных конкурсах і творчых праектах, за працоўныя дасягненні працаўнікоў Краснапольшчыны, за талент і майстэрства нашых землякоў”, – адгукнулася аб свяце рэдактар раённай газеты Н. В. Козік.
Шчодра дзяліліся сваім талентам артысты-аматары Краснапольскага РЦК А. Трафімава, К. Чалпанаў, А. Батлевіч, М. Пугачоў, П. Выганны, А. Качанава, клубнае харэаграфічнае фарміраванне РЦК, выхаванцы ДШМ і выкладчык ДШМ па класу баяна Р. Астапенка, харэаграфічная група РЦСАН.
Мастацкія творы, такія, як песні “Белая Русь”, “Не прадаецца хата бацькоў”, “Барані сваё”, “Беларуская мова”, ”Любоў і радасць – Беларусь”, “Дай бог вам шчасця, землякі”, “Мы народ, і ў гэтым - наша сіла” знаходзілі шчыры водгук і ўзнімалі настрой.
Свята Дзень народнага адзінства – гэта дзень, які таксама стане гісторыяй. Дакладней, ужо стаў, у кожным рэгіёне Беларусі адзначаны па-свойму, але з аднолькава вялікім пачуццём любові да сваёй краіны, свайго народа, які заўсёды будзе трымацца разам.
В. А. Марчанка, метадыст ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”