Чароўны свет выцінанкі
17 красавіка 2024 года ў цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы імя А. П. Гайдара член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, майстар народных промыслаў аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў ДУК «Палац мастацтваў г. Бабруйска» Любоў Аляксандраўна Гарбар правяла майстар-клас па выцінанцы «Велікоднае яйка» для навучэнцаў 4 класа ДУА «Сярэдняя школа №2 г. Бабруйска».
Навучэнцы даведаліся, што выцінанка – гэта мастацтва выразання карункавых узораў з белай і каляровай паперы, якое дасягнула высокага мастацкага ўзроўню. Яно стала распаўсюджана ў народным побыце беларусаў у сярэдзіне ХІХ стагоддзя як спосаб аздаблення інтэр'ера традыцыйнага жылля і было адноўлена як від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў канцы ХХ стагоддзя. Сучасная выцінанка стала сапраўдным мастацтвам, працягваючы пры гэтым традыцыі продкаў. У 2021 годзе выцінанцы быў нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.
Любоў Аляксандраўна расказала школьнікам аб асаблівасцях тэхнікі ажурнага выразання з паперы, аб матэрыялах для работы, аб тэхніцы бяспекі пры рабоце з інструментамі і матэрыяламі. Кожны ўдзельнік творчых заняткаў навучыўся выразаць з каляровай паперы самы вядомы сімвал Вялікадня – велікодныя яйкі.
Майстар-клас суправаджала выстава выцінанкі майстра.
Ірына Цыганкова, загадчык аддзела традыцыйнага мастацтва и рамёстваў ДУК «Палац мастацтваў г. Бабруйска»