Чыкілінды, калдуны ў малацэ, лакшаны…
Кожная сям’я захоўвае рэцэпты менавіта сваіх сямейных страў, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Іх вялікае мноства. І вельмі выдатна, што яны захоўваюцца ў сем’ях і мы можам даведацца пра іх, кожны раз здзіўляючыся новым назвам і незвычайным саставам. Напрыклад, мы ведаем, як гатаваць “калдуны” з мясам, а вось ці чулі вы пра “калдуны ў малацэ”? Гэта зусім іншая страва. Яна без мяса, але з тымі ж прыправамі і цыбуляй, і варыцца ў малацэ, падаецца на стол са смятанай. А вось вантрабянка ў Арэхаўцы называецца “Чыкілінды”, якія лічацца смашнейшымі за каўбасу. Бульбяную каўбасу ў Арэхаўцы гатуюць з надранай на мелкай тарцы бульбы з даданнем рысавых або грачаных круп і запякаюць у печы.
Гэтыя стравы рыхтавала Рыжковіч Марыя Пятроўна, 1921 года народжання, уражэнка Арэхаўкі. Свае сакрэты яна перадала нявестцы Рыжковіч Людміле Міхайлаўне. Зараз Людміла Міхайлаўна пражывае ў Клічаве. І гэтыя, і многія іншыя рэцэпты страў яна захоўвае ў сваёй сям’і.
Святлана Анатольеўна Курашова, касцюмер Клічаўскага раённага Дома культуры, удзельніца этнаграфічнага аматарскага аб’яднання “Вераценца.by” вельмі цікавіцца традыцыямі і абрадамі нашага раёна і валодае многімі рэцэптамі сямейных страў, якія дасталіся ёй ад бабулі Кушнер Марыі Віктараўны, 1929 года народжання, уражэнкі вёскі Перасопня. Яе бабуля гатавала ежу толькі ў печы. Зараз таксама ў печы гатуе і ўнучка. І ўжо яе дзеці, прыязджаючы дадому, пытаюцца, ці нагатавала яна “бабуліных” бліноў і варанай бульбы ў чыгуне. Святлана шчыра дзеліцца сваімі сямейнымі рэцэптамі. Асабліва ўразіла страва, якая называецца “Лакшаны”. Мы ведаем, што дранікі пякуць на патэльні. А тое, што іх пякуць і яшчэ вараць у малацэ вядома мала каму.
Важным аспектам прыгатавання гэтых страў з’яўляюцца зносіны пакаленняў. Калі мы рыхтуем такія традыцыйныя стравы, мы перадаем веды і навыкі наступным пакаленням, ствараючы тым самым нейкі мост паміж мінулым і сучаснасцю. Гэта дазваляе нам не забываць свае карані і адчуваць сябе беларусамі. Такім чынам, традыцыйная кухня становіцца важным элементам нашай культурнай спадчыны.
Ж.Я.Ачыновіч, загадчык аддзелам нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Клічаўскага раёна”
Рэцэпты:
Чыкілінды
Свіныя вантробы 2 кг, 1 цыбуліна, падрыхтаваныя тонкія свіныя кішкі, соль, мелены перац, прыправы па смаку.
Падрыхтаваць свіныя вантробы, адварыць да гатоўнасці, мелка пакрышыць. Абжарыць адну цыбуліну сярэдняга памеру да мяккага стану і дадаць у вантробы, пасаліць, паперчыць па смаку, можна дабавіць іншую прыправу па густу.
Начыніць атрыманай масай свіную кішку, перакласці ў чыгунок, заліць растопленым свіным тукам і паставіць у вытапленую печ на 1 гадзіну. Можна проста абжарыць на патэльні.
Бульбяныя каўбаскі
Надраная бульба на мелкай тарцы 2 кг, 100 гр. грэцкіх або рысавых круп, прыгатаваных да палавіны гатоўнасці, 1 цыбуліна, паджараная да мяккасці, падрыхтаваныя свіныя кішкі, па жаданню можна абжарыць адну невялікую морквіну, соль і мелены перац па смаку.
Падрыхтаваную масу добра перамяшаць, дадаць прыправы, начыніць каўбасы, перакласці іх у чыгунок, заліць расопленым тукам і паставіць у вытапленую печ на 2 гадзіны.
Калдуны ў малацэ
1 кг натаркаванай на мелкай тарцы бульбы, соль і мелены перац па смаку, 2 л малака, смятана.
Падрыхтаваную бульбяную масу добра адціснуць. Дабавіць мелка накрышаную цыбуліну, соль і перац па смаку, добра перамяшаць, скатаць у невялікія шарыкі, укінуць у кіпячае малако і варыць 15 хвілін, дастаць, пакласці ў пасудзіну, падаваць са смятанай.
Запісана ад Рыжковіч Людмілы Міхайлаўны, 1952 года народжання, жыхаркі г. клічава. Гэтыя рэцэпты яна даведавалася ад сваёй свякрухі Рыжковіч Марыі Пятроўны, 1921 г.н., уражэнкі в. Арэхаўка
Лакшаны
1 кг натаркаванай на мелкай тарцы бульбы, малако, соль па смаку.
Бульбу нацерці на мелкай тарцы, адціснуць лішнюю вадкасць, пасаліць, дадаць крыхмал, які адстаяўся, пасаліць. Зляпіць тонкія ладкі і выпякаць іх у печы на сухой патэльні без дабаўлення масла. Потым гатовыя бліны парэзаць на доўгія палоскі, укінуць у каструлю з кіпенем, дабавіць малако, крыху падварыць і можна падаваць як малочны суп, можна заправіць сметанковым маслам.
Рэцэпт стравы запісаны ад Курашовай Святланы Анатольеўны, 1971 года нараджэння, уражэнкі г. Клічава. Рэцэпты страў захоўваюцца ў сям’і і перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Дастаўся ёй ад бабулі Кушнер Марыі Віктараўны, 1929 года народжання, уражэнкі в. Перасопня.