ЦІКАВАЕ – ПОБАЧ!
Вас прыцягваюць незвычайныя праявы культурнага жыцця? Тады чытайце гэты артыкул і знаёмцеся! З чым? З кім? З майстрам ігры на гармоніку! Не памылюся, калі скажу, што нехта з вас ужо паспеў падумаць ці сказаць: “Ну што тут незвычайнага?! “
А яно, гэта незвычайнае ды дзіўнае, ёсць! Але ўсё па парадку.
Знаёмцеся. Герой майго паведамлення з вёскі Леніна Краснапольскага раёна. І гэта – Мікола Занудзенка. Хто ён? На першы погляд, гэта сціплы вясковец, нават непрыкметны. А вось, калі ён бярэ ў рукі свой гармонік, то з першых гукаў інструмента мы разумеем, што перад намі сапраўдны аматар і майстар народнай творчасці. Ёсць і адметная асаблівасць яго майстэрства – ён грае на “перакуленым гармоніку”.
“Гэта сябар мяне збіў з панталыку, сказаў, што так зручней”, – усміхаецца Мікола і з цеплынёй успамінае сваё дзяцінства.
Мікола нарадзіўся 24 кастрычніка 1971 года ў в. Палуж-2 тут жа, на Краснапольшчыне. Навучыўся граць “на слых” ад бацькі і родзічаў, бо ўсе яны валодалі музычнымі інструментамі: дзед граў на скрыпцы і гармоніку, дзядзькі – хто на гармоніку, хто на балалайцы.
Хлопчыка звалі граць на вясковыя гулянні, прапаноўвалі выступаць на ранішніках і святах, калі навучаўся ў школе, прыцягваўся да выступленняў на раённых мерапрыемствах.
Да апошніх дзён гармонік у Міколы таксама быў унікальны і меў узрост каля 45 гадоў. Ён быў зроблены вясковым майстрам Ларькоўскім Уладзімірам Васільевічам, які жыў у вёсцы Забор’е. З гэтым інструментам і не раставаўся Мікола з дзяцінства і да апошніх дзён. А зараз адправіў свайго “сябра” на адпачынак, і набыў сабе новы звонкі гармонік на ўласныя грошы. Жонка і дзеці падтрымалі Міколу Аляксандравіча.
І вось краснапальчане паспелі ўжо пачуць чыстыя і звонкія гукі новага інструмента са сцэны раённага Цэнтра культуры. Мікола парадаваў прыхільнікаў народнай творчасці сваімі найгрышамі.
Мікола Занудзенка працуе ў сферы культуры – ён акампаніятар Ленінскага сельскага Дома культуры. Гарманіст ведае ўсе народныя танцы, якія бытавалі ў вёсках, дзе яму давялося жыць, а гэта вёска Палуж-2, а потым вёска Леніна, куды ён пераехаў, калі ажаніўся ў свае 25 год. Тут і “Полька”, і “Кракавяк”, і “Дасада”, і іншыя. Мікола акампаніруе вясковым спявачкам, аб’яднаным у ансамбль “Глініца” (націск на першы склад) Ленінскага СДК.
Ці адкрылі вы, сябры, для сябе нешта новае ці незвычайнае? Ці адчулі, якое пазітыўнае поле ствараецца і тымі простымі людзьмі, якія неабыякавыя да народнай творчасці, і тымі творамі народнай культуры, якія засталіся нам у спадчыну. Цікавае – побач, часта яно ў дробязях. Адкрывайце яго для сябе, здзіўляйцеся і радуйцеся сваім адкрыццям і жыццю!
Валянціна Марчанка, метадыст РЦК ДУК “Цэнтралізваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”