Цёплыя сустрэчы «на вячорках» у Круглянскім раёне
Днямі ў раённым Доме культуры адбылася фальклорная праграма –Вячоркі. Мерапрыемства, якое сваёй тэматыкай і зместам закранула сэрцы многім людзям, якія сталі сведкамі разнастайнай экспазіцыі: выстаўленых ручнікоў, посцілак, сурвэтак, шматлікіх вышыванак, як кажуць, на любое захапленне і густ. А прынеслі свае вырабы на гэтае цудоўнае свята аматары дэкаратыўна - прыкладнога мастацтва, людзі, якія на працягу многіх год натхнёна займаюцца любімай справай. Да сваіх «вячорак» яны рыхтаваліся задоўга, таму ў зацікаўленасці і запатрабавальнасці іх у правядзенні дадзенай формы адпачынку не было ніякага сумнення.
Ажыццявіць правядзенне забытай «клубнай» формы было не складана, бо ў памяці многіх людзей засталіся тыя незабыўныя моманты: як праводзіліся вячоркі раней у іх родных вёсках, як сумесна па вечарах займаліся рамеснай справай. Аповедаў было шмат, людзі знайшлі цёплыя словы, каб падзяліцца сваімі думкамі. Закранулі сэрцы прысутным успаміны Міхаіла Цімафеевіча Арашкава, Сафіі Мікалаеўны Станкевіч аб тым, як наладжвалі некалі іх вяскоўцы гэтае свята, якія ажыццяўляліся рытуалы, як зберагалася народная культура і традыцыі.
Далей паплыла размова аб самым запаветным і святым, бо не было ніякага сумнення ў тым, што круглянская зямля – цудоўная, багатая на народныя таленты. Зямля, якая нараджае сваіх дзівосных самабытных майстроў, да ліку якіх належыць жыхарка з г.Круглае – народны майстар па вырабу лялькі і пляценню паясоў – Лямцава Ларыса Міхайлаўна. Яе шэдэўры, зробленыя з цеплынёй, уразілі кожнага. А правядзенне такой формы навучання, як «майстар-клас», не пакінуў раўнадушнымі нікога, а галоўнае – кожны мог павучыцца практычнаму вопыту: як жа на самай справе робяцца, «плятуцца паясы», узнікаюць чароўныя лялькі-абярэгі. Яркіх і каларытных, па-свойму зробленых эксклюзіўных творчых работ у яе сёння вельмі шмат і гэта ў нейкай ступені падкрэслівае яе непараўнальны талент,творчую натуру. «Пакажыце нам, калі ласка, як плятуцца паясы?» – запытвала вядучая майстра. І Ларыса Міхайлаўна, пад пявучыя напевы цымбалаў і баяна, расказвала сваё жыццё, як яна пачылала рабіць любімую справу.
Спадчына ніколі не спыняецца, яна перадаецца і застаецца ў другіх людзях: у іх сэрцах, развагах і пачуццях. Гэтыя словы сёння паправу можна аднесці таксама да майстрыхі Валянціны Фёдараўны Кісялёвай – жыхаркі з Круглага, якая нягледзячы на пенсіённы ўзрост любіць займацца тым, без чаго яна не можа абысціся ні дня. У яе ёсць сваё захапленне, яна і спявае, і вяжа, і вышывае. А на суд гледачоў у гэты адказны для яе самой дзень прынесла запаветныя вырабы. Вырабы вельмі цудоўныя, чароўныя, ад якіх вачэй нельга было адарваць: сурвэткі, вышытыя гладдзю, накідкі, аздобленыя кружавам… Менавіта, яна і навучыла ўдзельнікаў праграмы, як трэба плесці кручком палавічкі, рабіць іх практычнымі і прыгожымі.
Нашыя вячоркі мы назвалі яшчэ і «цёплымі сустрэчамі». На самой справе так яно і атрымалася, бо цеплыню сваіх сэрцаў у гэты прыгожы дзень пасылала кожная жанчына – удзельніца свята. І як жа на свяце з замілаваннем было не сустрэць госццю – жыхарку з вёскі Запруддзе Марыю Рыгораўну Акулік, якая за сваё жыццё накапіла багаты вопыт працы на кроснах і па вышаўцы.
На «круглянскія вячоркі» таксама гледачы не прыйшлі з пустымі рукамі. Цікавым быў той момант, калі кожны пачынаў весці размову пра свае вырабы, дэманстраваў рамесныя скарбы і атрымліваў ад удзельнікаў свята падзякі і апладысменты. Кранулі за жывое творчыя работы ўмельцаў мерапрыемства: Соф’і Мікалаеўны Станкевіч, Людмілы Ягораўны Аўсіевіч, Любові Васільеўны Лягушавай, якія прадставілі работы па вязанні і вышыўцы. Усім на здіўленне прадставіла свае работы ў жанры жывапісу і партрэта жыхарка з Круглага Ніна Фёдраўна Шуйская.
На змену старэйшаму пакаленню прыходзяць маладыя ўмельцы – Ірына Сяргееўна Саўкіна і Вольга Уладзіміраўна Падбялусцік – супрацоўніцы раённага Дома рамёстваў. Вышытыя іх рукамі ўзоры маюць тып падняпроўскай вышыўкі, злучанай з традыцыйнай вышыўкай круглянскага краю. Гэта надае іх ручнікам асабістую прывабнасць, спалучаючы ў сваіх вырабах матывы роднай зямлі і паэтычны лірызм, мастацкую вартасць, разнастайнасць і знітаванасць сюжэтнай лініі. Ручнікі з іх рук атрымліваюцца дзівоснымі, непаўторнымі, надаюць хараство і свяжосць вачам, наводзяць задумацца, што пачатая імі справа будзе пачэсна перададзена іх вучням, якія з задавальненнем штодзённа займаюцца карыснай справай ў Доме рамёстваў. А Дом рамёстваў – дзівосная казка, дзе пастаянна вядзецца творчы інавацыйны пошук, захоўваюцца і развіваюцца здабыткі нашай дэкаратыўна-прыкладной нацыянальнай спадчыны.
Раней на вячорках не толькі займаліся рознымі відамі рамяства, але і любілі спяваць народныя песні. А без песні, якое ж свята? Пад баян і гармонік у гэты дзень мелася магчымасць успомніць і праспяваць такія дарагія сэрцу песні, як «Хацела ж мяне маці замуж аддаці», «Рэчанька», «Толькі з табою».
Свята скончылася, але подых спадчыны ў спалучэнні з новымі рысамі новагу часу заставаўся нібыта сплеценым вянком для ўсіх, хто цеплынёю сваіх сэрцаў і самабытным умельствам сплёў яго разам.
«Дзякуй вам за цёплыя «вячоркі», якія душу нам кранулі, сагрэлі» – казалі людзі са шчырасцю на развітанне.
«Да пабачэння, даражэнькія!» – адказвалі супрацоўнікі аддзела культурна-дасугавай дзейнасці РДК. – «Для каго ж нам старацца, як не для вас?!»
Віктар Бяляцкі, метадыст Круглянскага РДК