Да Года народнага адзінства ў Краснаполлі прайшла паэтычная пляцоўка “Беларусь – наша маці”

Году народнага адзінства была прысвечана паэтычная пляцоўка “Беларусь – наша маці”, арганізаваная народным паэтычным аб’яднаннем “Світанак” (кіраўнік Валянціна Марчанка) Краснапольскага РЦК.
Як вядома, указам №1 Прэзідэнта Беларусі 2021 год быў абвешчаны Годам народнага адзінства ў мэтах кансалідацыі грамадства, згуртаванасці беларускага народа на аснове ідэй суверэнітэта і незалежнасці краіны.
Кіраўнік аб’яднання “Світанак” В. А. Марчанка ў сваім звароце да клубных работнікаў, якія былі запрошаны на сустрэчу, падкрэсліла значэнне слова ў фарміраванні ўзаемаразумення адзін аднаго, у выхаванні патрыятызму, любові да сваёй краіны.
На пляцоўцы гучалі вершы членаў аб’яднання, прысвечаныя малой і вялікай Радзіме, беларускаму народу, Году народнага адзінства.
Нават у назвах вершаў угадвалася любоў гэтых аматараў мастацкага слова да роднай краіны і заклапочанасць яе лёсам: “Маленькая радзіма”, “Места родные”, “Родине”, “Не учат нас кровавые урокі”, “Прыгарні ты да сэрца радзіму”, “Беларусь – наша маці”, “Тебя зовём с любовью Белой Русью” і інш.
У гэтых творах – то замілаванне прыгажосцю роднай зямлі, то ўспамін пра мінулыя старонкі з гісторыі беларускага народа, то прызнанне ў любові да Белай Русі, то заклік быць адданым ёй сынам.
Будзь адданым ёй сынам,
Ганарыся краінай,
Што цябе калыхала
На ласкавых руках,
Што цябе прытуліла,
Што напоўніла сілай,
Беларусь – наша маці,
І яна ў нас адна.
В. Марчанка
З творамі мясцовых паэтаў можна было пазнаёміцца і праз тэматычную літаратурную выстаўку “З любоўю да роднай зямлі”. У падборцы гэтай літаратуры – выданні, якія ўваскрасаюць старонкі з жыцця народа, яго гісторыі, і спрыяюць разуменню, што мы нашчадкі гэтай гісторыі, традыцый народа, яго культуры, у нас адна краіна, якую нам любіць і берагчы, як родную маці.
Наведвальнікі паэтычнай пляцоўкі атрымалі брашураванае выданне вершаў народнага паэтычнага аб’яднання “Світанак” пад назвай “Беларусь – наша маці, і яна ў нас адна”. Думаецца, што гэты матэрыял стане добрым рэсурсам у арганізацыі работы клубных устаноў па тэматыцы года – Года народнага адзінства.
Валянціна Марчанка, кіраўнік народнага аматарскага паэтычнага аб’яднання “Світанак” РЦК ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна”