“Дай, Божа, справу пачаці, баразну ўзараці” – свята Першай баразны прайшло на Краснапольшчыне
Абрадавыя дзеянні свята прапанаваў метадычны аддзел Краснапольскага раённага Цэнтра культуры. Гэтаму папярэднічала экспедыцыйная праца метадыста па традыцыйнай культуры Марчанка В. А., якая па крупіцах сабрала ўнікальныя праявы народнай спадчыны краснапольскіх вёсак і аб’яднала іх, стварыўшы відовішчнае дзейства Засевак.
Свята было рэалізавана на полі ААТ “Краснапольскі” аддзялення “Краснапольскі”. У ім прынялі ўдзел старшыня Краснапольскага райвыканкама І. В. Балахонаў, намеснік старшыні А.І. Чаюкова, начальнік аддзела райвыканкама па сельскай гаспадарцы Голікава, старшыня раённага Савета дэпутатаў А.А. Гоман, упраўляючыя аддзяленнямі ААТ “Краснапольскі”, трактарысты, вяскоўцы, культработнікі РЦК і Сідараўскага СДК, іерэй Свята-Успенскай царквы Кірыл.
“Дай, Божа, справу пачаці,
Дай, Божа баразну ўзараці,
Дай, Божа, зерне засяваці…”, – такімі словамі пачаўся святочны абрад.
І загучаў над абуджаным веснавым полем голас аўтэнтычных спеваў:
“А ў нашага пана, а ў нашага па-а-а,
Засевачкі рана, засевачкі ра-а-а-а.
Ідзі каласочак у чыстае поле,
Зарадзі, пшанічка сёлета шчэ болей, гу-у-у”.
Апранутая ў аўтэнтычны строй жанчына з сявенькай цераз плячо сее зерне ва ўзараную баразну, у якую першыя зярняты кінула “дзяўчынка-каласочак”.
З хлебам-соллю як сімвалам далейшага дабрабыту зазірнула на свята і весніца веснавой сяўбы Вясна-красна.
А потым веснавыя талачыннікі, каму весці веснавую сяўбу, адведалі калектыўнай ежы: на абрусе хлеб, яйкі, сыр, сала, гарэлка і каша, якую гаспадару прыйшлося “выкупаць”, бо кашу “ўкралі”. Гаспадар – старшыня райвыканкама выкупіў кашу добрым словам, шчырымі пажаданнямі і надзеяй, што такая прыгожая традыцыя Засевак добра прыжывецца і захаваецца на Краснапольшчыне. Гарэлкі хоць і не пілі, а ўсё-такі пралілі! А як жа: “трэба вадзіцы паліць, каб зерне не засушыць”.
Не забыліся талачыннікі і зямлю пачаставаць.
“Дарую табе, зямля-маці, дарую табе, ніўка, хлебам-соллю. А ты нам даруй сытай сыццю, спорам і добрым здароўем”, – з такімі словамі ніўцы былі паднесены дарункі – луста хлеба і каша.
Іерэй Свята-Успенскага храма Кірыл прачытаў малітву і асвяціў поле, тэхніку, блаславіў прысутных на свяце на добрую справу, акрапіўшы ўсіх святой вадой, пажадаў лёгкай працы і добрага ўраджаю.
Гучалі на свяце ўзнёслыя словы пра зямлю і працу, пра хлеб і радзіму, гучалі песні і словы-пажаданні гасцей і кіраўніцтва, ствараючы адпаведны настрой і выклікаючы добрыя пачуцці.
Трактарысты ўпэўнілі, што справу зробяць добрасумленна і ў вызначаны тэрмін. Дай, Божа!
Валянціна Марчанка, метадыст Краснапольскага РЦК