ДАЛЁКІХ ПРОДКАЎ СПАДЧЫНА НЕ ЗГІНЕ
“Далёкіх продкаў спадчына не згіне”, – у гэтым упэўніваешся зноў і зноў, калі сустракаешся з сапраўднымі аматарамі фальклору, людзьмі, зацікаўленымі самабытнай культурнай спадчынай свайго народа. Побач з такімі людзьмі цяплееш душой, быццам вяртаешся з далёкай дарогі дамой, дзе ўсё такое знаёмае і роднае.
Такімі самаадданымі аматарамі і знаўцамі фальклору, носьбітамі багатай фальклорнай спадчыны свайго рэгіёна з’яўляецца народны фальклорны ансамбль “Горскія харашухі” (кіраўнік Валянціна Марчанка) Горскага сельскага дома культуры ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна”.
Як паведаміў аргкамітэт дыстанцыйнага рэспубліканскага конкурсу, абвешчанага да Году гістарычнай памяці Нацыянальнай акадэміяй навук, народны фальклорны ансамбль “Горскія харашухі” у намінацыі “Песні нашай Радзімы” адзначаны дыпломам II ступені.
Народнае фальклорнае мастацтва, якое ўжо на працягу 33 гадоў беражліва захоўвае гэты песенны вясковы гурт – гэта чыстая крыніца і яскравая старонка нашай беларускай культуры. Дзякуючы такім аматарам фальклорнай спадчыны, не перарываецца сувязь часоў і можна дакрануцца да сапраўдных каштоўнасцей нашай спадчыны.
У гэтым ж конкурсе НАН у намінацыі “Культура і быт беларускага народа” прыняла ўдзел і метадыст Краснапольскага РЦК В. А. Марчанка. Яе работа таксама адзначана дыпломам II ступені. Яна пра свечны абрад у вёсцы Казелле – пра жывую сакральную традыцыю народа.
Конкурсны матэрыял Марчанка В. А. па прапанове доктара філалагічных навук, галоўнага рэдактара штогодніка “Беларускі фальклор: матэрыялы і даследванні” Т. В. Валодзінай будзе надрукаваны ў гэтым выданнні.
Родныя традыцыі – культурныя крынічкі нашага жыцця. Яны чыстыя і прыгожыя. Часцей прыпадайце да іх.
Валянціна Марчанка, метадыст РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”