Дажынкі ў Клічаўскім краі
Стаць “першаадкрывальнікамі” ў справе правядзення раённага фестывалю-свята працаўнікоў сяла «Дажынкі» давялося аграгарадку Новыя Максімавічы. Арганізатары і ўдзельнікі папрацавалі на славу, прадставіўшы ўвазе гасцей дзевяць падворкаў, аформленых у беларускім стылі, аднак кожны з іх меў сваю асаблівасць. Падворкі былі арганізаваны клубнымі ўстановамі аграгарадкоў і сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі Клічаўскага раёна: СПК “Калгас “Несята”, КСПК “Калгас імя Леніна”, КСПК “Калгас імя Тэльмана”, УКСП “Саўгас “Ольса”, ААТ “Райаграпрамтэхснаб”, КСПК “Калгас “Радзіма”, КСПК “Саўгас “Дабраволец” і іншыя.
Гаспадыні падворкаў гасцінна сустракалі караваямі, прысмакамі і песнямі кожнага, хто завітваў да іх. Творчыя праграмы прадставілі і калектывы цэнтралізаванай клубнай сістэмы Клічаўскага раёна: творчыя калектывы Доўгаўскага СДК, Каўбчанскага СДК, Астраўскога СДК, Несяцкага СДК, вакальны ансамбль “Суседзі” Бацэвіцкага ЦКіД, тэатр эстрадных мініацюр “Кампанія” Арэхаўскага СДК, вакальны ансамбль “Дабрадзея” Дзмітраўскага СДК, ансамбль “Запаляначка” Запольскага СДК і іншыя.
Максімавіцкі сельскі Дом культуры прадставіў выставу мёду “Максімавіцкі мядок”, які можна было паспрабаваць і набыць. Цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва была арганізавана чайная гасцёўня, дзе можна было пачаставацца рознымі відамі чаю. Працавала палатка здароўя, дзе можна было памераць ціск, узровень цукру ў крыві, рост, вагу. Для самых маленькіх гледачоў была арганізавана дзіцячая пляцоўка з атракцыёнамі, на якой працавалі аніматары.
Увазе гледачоў былі прадстаўлены выставы раённага Дома рамёстваў, Клічаўскага краязнаўчага музея і бібліятэкі.
Багата гледачоў сабраў святочны канцэрт, у якім прынялі ўдзел узорны фальклорны ансамбль “Купалачка” Дзмітраўскага філіяла ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў г. Клічава”, Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль народнай музыкі і песні “Жытніца” Арэхаўскага СДК, вакальны ансамбль “Мелодыя” Клічаўскага РДК. Вельмі яркай падзеяй стала выступленне замежных гасцей – фальклорнага ансамбля “Яжэнбінкі” г. Борнэ-Сулінава Рэспублікі Польшча.
Выдатнае, незабыўнае ўражанне ад свята застанецца на доўгія часы ў кожнага, хто браў удзел у нашых «Дажынках»!
Аліна Доўгая, намеснік дырэктара па клубнай рабоце цэнтралізаванай клубнай сістэмы Клічаўскага раёна. Фота аўтара.