Днямі адбылася паэтычная сустрэча “На кроснах сэрца ткуцца вершы” мясцовай паэткі Краснапольшчыны Валянціны Марчанка

Сустрэча адбылася з наведвальнікамі дзённага аддзялення пажылых людзей. Гэты вечар стаў прызнаннем аўтара аб сваіх пачуццях, аб тым, што натхняе на напісанне вершаў, аб музе, якая вядзе за сабой. Пад час сустрэчы яе наведвальнікі мелі магчымасць бліжэй пазнаёміцца як з паэткай, так і з яе творчасцю, пачуць вершы ў выкананні аўтара. Да чытання вершаў паспрабавалі далучыцца і ўдзельнікі сустрэчы.
Валянціна Аляксандраўна распавяла пра паэтычнае аб’яднанне “Світанак”, кіраўніком якога яна і з’яўляецца, прэзентавала сваю кнігу “Вам сваю завяшчаю любоў”, якая выйшла ў 2018 годзе, брашураваныя тэматычныя выданні ў суправаджэнні багатай слайд-прэзентацыі з фотаздымкамі з асабістага жыцця, з прыгожымі краявідамі, якія так шчымліва апеты ў яе вершах. Ад тых, хто знаёмыя з творчасцю гэтай таленавітай асобы, можна пачуць, што яе творчасць падкупляе сардэчнасцю, любоўю да родных мясцін, блізкіх людзей, да сваёй малой і вялікай Радзімы, а вершы напоўнены душэўнай цеплынёй і шчырымі пачуццямі.
Слухачы змаглі ўпэўніцца ў гэтым, знайшліся і тыя, хто набыў кнігу вершаў сваёй зямлячкі. Загадчыца С. С. Картузова набыла кнігу для свайго аддзялення, якое з ахвотай наведвае пэўная аўдыторыя краснапальчан пажылога ўзросту. На яе думку кніга стане цікавым аб’ектам і асновай арганізацыі іх вольнага часу, чытанняў, абмену думкамі, стане матэрыялам для конкурсных і паэтычных праграм, прысвечаных Году малой радзімы.
Мерапрыемства завяршылася словамі падзякі, шчырымі водгукамі слухачоў. Па прызнанню Ю. А. Андрыянавай, за вершаванымі радкамі паўстаюць нашы вёсачкі, бачацца вузенькія сцяжынкі і жытнёвыя палі, шэпт каласоў, васількі і рамонкі, гарлачыкі на вадзе і жаўранкі, якія захлынаюцца ў блакіце ад радасці. Пэўна гэтак атрымліваецца тады, калі вершы “ткуцца на кроснах сэрца”.

В. А. Марчанка, метадыст 1-й катэгорыі РЦК ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна”