ДНЮ НАРОДНАГА АДЗІНСТВА ПРЫСВЯЧАЕЦЦА ПРЫГАРНІ ТЫ ДА СЭРЦА РАДЗІМУ
“Прыгарні ты да сэрца Радзіму”, – на такую тэму адбыўся III рэгіянальны творчы конкурс у Краснапольскім РЦК ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна”.
Назва конкурсу – радок з верша мясцовай паэткі, кіраўніка народнага літаратурнага калектыву “Світанак” Валянціны Марчанка, арганізатара гэтага конкурсу, прымеркаванага да Дня народнага адзінства ў Беларусі.
Любоў да краіны, да Радзімы, яе традыцый, удзячнасць продкам – у гэтым аб’ядноўваючая сіла беларусаў і патрыятызм.
Выказаць сваю любоў да Радзімы і яе культурна-гістарычнай спадчыны, пачуцці гонару за сваю Айчыну ўдзельнікі конкурсу маглі ў розных намінацыях – літаратурнай, рамеснай творчасці, у выканальніцкім майстэрстве песеннага жанру.
Удзельнікамі намінацыі літаратурнай творчасці “Я раскажу табе пра родны край” сталі творцы Краснапольскага, Касцюковіцкага, Быхаўскага раёнаў Магілёўскай вобласці, Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці. Да іх далучыліся паэты з Расіі – Дяцькаўскага і Навазыбкаўскага раёнаў Бранскай вобласці. Сваімі пранікнёнымі радкамі ўдзельнікі конкурсу стваралі карціны гісторыі, культуры, жыцця людзей, малой радзімы і прыгажосці роднай зямлі.
Падзеям, якія ляглі ў аснову Дня народнага адзінства - яднанню Усходняй і Заходняй Беларусі, прысвяціла свой верш “Мы разам” Валянціна Марчанка.
Паміж Усходняй і Заходняй
Няма падзелу і мяжы,
Мы разам, дзеці Беларусі –
Адзінай, ёй і даражы.
Паэтка звяртаецца да нашчадкаў з заклікам берагчы “шчодры клунак” продкаў, які перадаецца ў спадчыну, і быць адданымі сваёй Айчыне.
Адданым будзь Радзіме сынам –
Ці меч, ці плуг ў тваіх руках,
Каб ведаў свет, што беларусы
Жылі і будуць жыць ў вяках.
Другі яе верш “Беларусы будуць жыць” напоўнены верай за светлы лёс краіны, роднай зямлі, за неўміручасць славянскага роду.
Гонарам за родную зямлю, любоўю да яе, клопатам аб захаванні яе для нашчадкаў дыхаюць і вершы Валянціны Пранкевіч з Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці.
А мне другой зямлі не трэба,
Хапае той, дзе я жыву.
Тут досыць сонца, волі, хлеба,
І травы хмеляць галаву.
Другой зямлі я не шукаю,
Мне б толькі гэту захаваць,
Каб хараство і шчодрасць краю
Нашчадкам потым перадаць.
У другім сваім вершы “Раніца нашага шчасця” Валянціна Пранкевіч з замілаваннем любуецца краявідамі малой радзімы, дзе любіць усё да драбніц, раніцай, якая абуджае цішу, і дзеліцца адчуваннем светлага шчасця.
Ціша абудзілася, на душы ж спакой –
Шчасце пакацілася па зямлі маёй.
Гэта шчасце – глядзець на родную зямлю ўлюблёнымі вачыма, адчуваць удзячнасць за магчымасць жыць на гэтай прыгожай зямлі. Такім пачуццём дыхае і верш паэта з г. Навазыбкава Бранскай вобласці Аляксандра Ермачэнкі.
По утрам, когда зори туманятся,
Влажной свежестью веет с полей,
По-особому хочется кланяться
Всей земле и тому, что на ней.
Так шумице же, рощи зелёные,
Той особенной радостью дней,
Чтобы в жизнь люди стали влюблёнными,
Как в рассветы певец-соловей.
Свае конкурсныя вершы Дзіна Манько, яшчэ адна паэтка з Краснапольскага раёна, прысвяціла малой радзіме, працавітым сваім землякам. Павагай і любоўю да сваіх землякоў-хлебаробаў напоўнены яе верш “Жніво”. У ім і радасць працы, і прыгажосць шчодрай нівы, і надзея на працвітанне Радзімы.
Звіняць галасы над полем –
То песню дзяўчаты пяюць,
А песня – у гонар герояў,
Што бітву за збожжа вядуць.
У песні – пра шчасце і долю,
Любоў да радзімай зямлі,
Пра іх, хлебаробаў, што ў полі
Ад рання да самай зары.
У вершы “Край ты мой берёзовый” яна з любоўю ўспамінае мілы сэрцу куток, дзе прайшлі юнацкія гады і прызнаецца, што сцежка да малой радзімы не забываецца і не зарастае.
Малая радзіма ёсць у кожнага. І нават калі мы адарваліся ад яе, мы носім яе ў сваіх сэрцах, думках, успамінах. І складаем свае “гімны” той райскай глухамані, якая была для нас асновай і ўсё жыццё служыць нам падмуркам. Малой радзіме прысвяціла свой верш Нэлі Грышына, яшчэ адна паэтка з Браншчыны – з Дзяцькаўскага раёна. У яе вершы не толькі замілаваныя радкі пра родную вёсачку, гэта “райское захолустье”, у ім - глыбокі філасофскі роздум, з якім нельга не пагадзіцца.
Мы жили в райском захолустье,
Стремились вырваться на волю…
И нас судьба уже не пустит
Побыть на васильковом поле…
Уменне ўглядацца ў тое, што цябе акаляе, уменне бачыць – уласціва не кожнаму чалавеку, асабліва ў наш хуткаплынны час. Яднанне і зліццё з прыродай, яе прыгажосцю і з’явамі адчуваецца ў вершах паэткі з г. Касцюковічы Алесі Шаройка. Яна шчодра дзеліцца гэтымі пачуццямі, сваёй радасцю ў конкурсным вершы “Кружатся листья в танце листопада”.
Великолепие окинув беглым взглядом,
И с лесом тет-а-тет поговорив,
Ему я по старинному обряду
Поклон отдам, душою воспарив.
Родны край – “бульбяны, жытны”, зямлю бацькоў апявае ў сваім вершы Галіна Каваленка, член народнага літаратурнага калектыву “Світанак” Краснапольскага РЦК і прызнаецца, што гэта шчасце - жыць у мірнай і спакойнай Беларусі.
Люблю, як птах – наш белы бусел,
Клякоча радасна ў гнязде.
Ён сімвал роднай Беларусі,
Спакой і радасць ён нясе.
Сярод конкурсных работ былі і празаічныя – эсе, апавяданні.
Пра культуру і побыт роднага краю, майстроў, якія адраджаюць народныя рамёствы краю, распавяла Святлана Саламевіч з г. Быхава. Традыцыйныя рамёствы і промыслы – духоўны і матэрыяльны здабытак многіх пакаленняў, які мацуе сувязі паміж імі, з’яўляецца аб’ядноўваючай асновай краіны.
“Усё самае карыснае для нас і роднае – яно побач, трэба толькі не забываць пра гэта, а ўважліва і старанна вывучаць, захоўваць і перадаваць нашчадкам. Традыцыйная культура – гэта тая шматвяковая спадчына, якая найбольш выразна адлюстроўвае духоўнае аблічча народа”, – адзначае аўтар і з гэтым нельга не пагадзіцца.
На жаль, немагчыма ў гэтым артыкуле ахарактарызаваць ўсе творы і падрабязна расказаць пра аўтараў, якія адгукнуліся на наш конкурс і імкнуліся падзяліцца сваімі думкамі, пачуццямі, творчасцю. Усім ім вялікій дзякуй.
Пераможцы конкурсу будуць узнагароджаны 28 верасня ў час правядзення краязнаўчых чытанняў у Краснапольскім РЦК, там можна будзе пачуць і іх творы, якімі аўтары намалявалі партрэт роднага краю, Радзімы, любоў да якіх валодае вялікай аб’ядноўваючай сілай. Будзем разам.
Валянціна Марчанка, метадыст РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”