Другі конкурсны прагляд абласнога агляд-конкурсу аматарскіх тэатральных калектываў “У далонях маёй Беларусі” завяршыўся ў Чэрыкаве
У апошні дзень лютага ў Чэрыкаўскім раёне на базе раённага Цэнтра культуры адбыўся конкурсны прагляд аматарскіх тэатральных калектываў Чэрыкаўскага, Клімавіцкага, Краснапольскага, Хоцімскага, Мсціслаўскага, Слаўгарадскага, Крычаўскага, Чаускага, Касцюковіцкага раёнаў.
Нагадаем, што конкурсныя прагляды пачаліся ў Бабруйску 27 лютага. За два дні абласнога агляду-конкурсу ўдзел узялі 23 творчыя калектывы – узорныя і народныя тэатры, лялечныя тэатры. Удзельнікі звярталіся ў сваіх пастаноўках да п’ес Я.Купалы, А.Дударава, В.Ткачова і іншых. Розныя па жанрах і па акцёрскай ігры – яны нікога не пакінулі абыякавымі. Гэта і дзіцячыя казкі, і сучасныя пастаноўкі, і пастаноўкі ваеннай тэматыкі, была прадстаўлена міфалагічная казка.
Дарэчы, конкурс праходзіць у некалькі этапаў. Першы – конкурсныя прагляды, якія ўжо прайшлі ў Бабруйску і Чэрыкаве. Наступны адбудзецца 3 сакавіка ў Магілёве на базе ўстановы культуры “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы”.
А ўжо 15 сакавіка ў метадычным цэнтры адбудзецца другі этап – фінал абласнога агляду-конкурсу аматарскіх тэатральных калектываў “У далонях маёй Беларусі”. На суд гледачоў будуць прадстаўлены лепшыя тэатральныя пастаноўкі тэатральных калектываў.
Крысціна Башарымава, вядучы рэдактар установы культуры “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр НТ і КАР”