Дрыбінскі раён ізноў прымаў гасцей на рэгіянальным фестывалі «Дрыбінскія таржкі»
Сустрэча гасцей праходзіла на мытні з васьмі гадзін раніцы. На Дрыбінскай «мытні» спыніліся 26 калектываў з розных рэгіёнаў, абласцей і краін. У гэтым годзе ў фестывалі першы раз прынялі ўдзел госці з Рэспублікі Карэлія. Майстры дэкаратыўна-прыкладной творчасці прапаноўвалі разнастайныя вырабы з саломкі, бісеру, гліны, скуры, дрэва.
Для ўсіх прысутных на фестывалі была прадстаўлена разнастайная мудрагелістая выпечка, хатнія напоі, свойскі сыр, мёд, боханы. Дзецям на свяце таксама не было сумна. Для самых маленькіх былі пастаўлены атракцыёны, пракатныя машынкі. Хто смялейшы, каталіся на размаляваных поні.
Нягледзячы на тое, што зіма яшчэ не хутка, некаторыя ўжо прымяралі валенкі і рукавічкі, сваляныя мясцовымі майстрамі. Нездарма вырабы дрыбінскіх шапавалаў вядомыя сваёй якасцю і даўгавечнасцю.
Увечары на канцэрце ўсіх прысутных радавалі сваімі выступленнямі салісты Дрыбінскага РЦК, народны ансамбль народнай песні «Дзянніца», саліст з г. Клімавічы Сяргей Булянкоў, арт-група «Беларусы». Напрыканцы свята адбылося вогненнае шоу і, вядома ж, не абыйшлося без святочнага салюту.