ДЗЕНЬ БЕЛАРУСКАГА ПІСЬМЕНСТВА НА КРАСНАПОЛЬШЧЫНЕ
Днём ушанавання культурнай і духоўнай спадчыны Беларусі, мастом паміж мінулым і сучаснасцю з’яўляецца Дзень беларускага пісьменства.
ЗАПРАСІЛА ТВОРЧАЯ ГАСЦЁЎНЯ
Святкаванне Дня пісьменства стала традыцыйнай культурнай з’явай на Краснапольшчыне. Праграма творчай гасцёўні “Нам засталася спадчына”, якую традыцыйна ладзіць да свята пісьменства народны аматарскі літаратурны калектыў “Світанак” (кіраўнік В. А. Марчанка) Краснапольскага РЦК, была насычанай і змястоўнай. Кожны з прысутных гасцёўні меў магчымасць задаволіць свой інтарэс і наталіць сваё сэрца, пачуцці і думкі. У праграме гасцёўні былі прадугледжаны розныя па форме і зместу кампаненты свята.
ПАЧАТАК НАШАЙ КУЛЬТУРЫ Ў ВУСНАЙ НАРОДНАЙ ТВОРЧАСЦІ
Культура старажытных беларускіх зямель бярэ свой пачатак ад вуснай народнай творчасці. Праз яе паўстае перад намі жыццё і побыт народа, яго духоўны свет і мараль, практычная мудрасць. Каб узрушыць памяць пра нашу мінуўшчыну, у гасцёўні гучалі творы гэтай мінуўшчыны. Аўтэнтычныя песні выканала пераймальнік фальклорных спеваў Тамара Яфімчык, культработнік Яноўскага СДК. Адбыліся выступленні і народнага клуба ветэранаў “Дабрыня” (кіраўнік Л. В. Вараб’ёва), народнага ансамбля народнай песні “Шчадрэц” (кіраўнік А. А. Трафімава) – гэтых аматараў і актыўных папулярызатараў беларускай народнай песні, якая з’яўляецца сапраўднай каштоўнасцю беларусаў.
З ЛЮБОЎЮ ДА РАДЗІМЫ, АСВЕТЫ І РОДНАГА СЛОВА
Новым этапам у старажытнай культуры Беларусі стала з’яўленне пісьменства. Праз экскурс з элементамі тэатралізацыі прысутным былі адкрыты далёкія і слаўныя старонкі гісторыі і адбылося знаёмства з асобамі беларускай зямлі, многія з якіх былі звязаны з кнігай і мовай. Асобамі, якіх аб’ядноўвала любоў да Радзімы, да асветы, да роднага слова.
БЯСЦЕННАЯ КАШТОЎНАСЦЬ БЕЛАРУСАЎ
Роднае слова, родная мова – бясцэнная каштоўнасць беларусаў.
Вершы пра родную мову і на роднай мове гучалі ў святочнай гасцёўні з вуснаў мясцовых паэтаў, прадаўжальнікаў літаратурнай справы славутых паэтаў-землякоў. Прысутныя пачулі вершы члены калектыву “Світанак” Галіны Каваленка, Святланы Сазонавай, Валянціны Марчанка.
Наведвальнікам гасцёўні быў прадастаўлен адкрыты мікрафон для чытання і ўшанавання роднага слова, паэтаў і пісьменнікаў Беларусі, мясцовых творцаў. Аматараў мастацкага слова аказалася нямала, што яшчэ раз сцвярджае, што слова беларускіх паэтаў жыве і знаходзіць водгук у сэрцах новых пакаленняў.
ГАСЦЁЎНЯ ГАСЦЯМІ БАГАТА
Гасцёўня была адкрыта для ўсіх жадаючых. У ёй сабраліся работнікі культурных і бібліятэчных устаноў раёна, музея, ЦДТ, ДШМ і іншыя.
Да святкавання Дня беларускага пісьменства далучыліся і сябры па творчасці з расійскага боку. Прывітанне-віншаванне і творчы падарунак даслалі калегі і сябры з г. Навазыбкава Бранскай вобласці.
У святочную гасцёўню завіталі і такія шаноўныя госці, як загадчык сектарам культуры Краснапольскага райвыканкама С. А. Сазонава, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы Краснапольскага райвыканкама М. В. Разгонава.
Марыя Віктараўна ўручыла народнаму аматарскаму калектыву “Світанак” Падзяку за вялікую работу калектыва і яго кіраўніка па патрыятычнаму і ідэалагічнаму выхаванню, за папулярызацыю роднай мовы, паэтычнага слова, за прадзвіжэнне кнігі і літаратуры, за работу з падрастаючым пакаленнем.
СВЯТОЧНЫЯ СЮРПРЫЗЫ
Да свята былі падрыхтаваны і святочныя сюрпрызы.
У экскурснай частцы праграмы слухачоў захапіў аповед пра жыццё гістарычных асоб, дзейнасць якіх была звязана з кнігай і мовай. Уразілі і вобразы некаторых з гэтых асоб. Напрыклад, асветнікаў Ефрасінню Полацкую і Кірыла Тураўскага цудоўна прадставілі Вольга Шаршнёва і Дзяніс Кустаў. А Раман Астапенка выканаў паланэз М. Агінскага “Развітанне з Радзімай”, што стала для аўдыторыі сапраўдным сюрпрызам і падарункам да свята.
А яшчэ прысутным былі прэзентаваны новыя творы землякоў. Адзін з іх – аўтарская песня “Васілёчкі”, напісаная ў народнай манеры. Аўтар тэксту Валянціна Марчанка, аўтар музыкі Таццяна Астапенка, дырэктар ДУА “ДШМ г. п. Краснаполле”. А выканаў песню цудоўны дуэт педагогаў гэтай установы ў складзе Ангеліны Бартлевіч і Галіны Кузняцовай. Акампаніраваў дуэту Раман Астапенка.
Прыемным сюрпрызам і падарункам для аўтара і прыхільнікаў яго паэзіі стала і прэзентацыя новага зборніка вершаў Валянціны Марчанка “Моя душа не знает заточенья”.
У тэму свята добра ўплялася і новая песня з рэпертуару бліскучай салісткі РЦК Алёны Трафімавай.
ПРАЗ ТВОРЧАСЦЬ БАЧНА ЛЮБОЎ ДА СЛОВА
У гасцёўні праявілі сваю творчасць і іншыя ўдзельнікі свята.
Буклукі, як вядома, прызначаны для абуджэння цікаўнасці да кнігі і, па сутнасці, і самі могуць лічыцца творамі мастацтва. Цудоўныя кніжныя нацюрморты, створаныя Інай Кузьмянковай, упрыгожвалі гасцёўню і прыцягвалі ўвагу прысутных. Сапраўдную асалоду можна было атрымаць і праз дэманстрацыю кадраў, праз якія былі прадстаўлены буклукі ў якасці фотасесіі для кнігі, зробленыя сельскімі клубнымі работнікамі.
Калектыў “Світанак” прадставіў выстаўку сваіх кніг і выдавецкай прадукцыі “Шануй, як маці, сваю мову”. А эпіграфам выстаўкі былі абраны словы паэта, старшыні Магілёўскага аддзялення Саюза Пісьменнікаў Беларусі Алеся Казекі: “Павяртайцеся, людзі, праз слова да Радзімы, да мовы сваёй”.



Валянціна Марчанка, метадыст РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”