Дзень Незалежнасці ў Чавусах
Святкаванне пачалося з шэсця да гарадской плошчы, у якім прымала ўдзел кіраўніцтва раёна, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый, удзельнікі мастацкай самадзейнасці, моладзь, дзеці, навучэнцы спецыялізаванай дзіцячай юнацкай школы алімпійскага рэзерву. На свята была запрошана дэлегацыя з горада Дзеснагорск (Расійская Федэрацыя).
Урачыстую частку свята адкрыў старшыня Чавускага раённага выканаўчага камітэта Сяргей Аляксандравіч Драздоўскі. За гэтым слова было прадастаўлена ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Мікалаю Андрэевічу Барысенку, які падзяліўся з прысутнымі ўспамінамі пра ваенныя дзеянні на тэрыторыі Чавускага раёна.
Ганаровымі граматамі Чавускага раённага выканаўчага камітэта былі ўзнагароджаны выбітныя людзі раёна, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, малалетнія вязні фашысцкай няволі.
Пасля заканчэння ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджвання для жыхароў горада і раёна адбылося музычна-тэатралізаванае відовішча "Квітней, мой край!", падчас якога ў тэатралізавана-сцэнічнай форме гледачам было паказана станаўленне і развіццё Чавускага раёна. Свае музычныя віншаванні чавусцам дарылі народны ансамбль народных інструментаў ДУА "Дзіцячая школа мастацтваў г. Чавусы", народны фальклорны гурт "Спадарыня", народны сямейны вакальны гурт "Світачы", народны ансамбль народнай музыкі і песні "Землякі", дуэт "Калібры" РЦК і вольнага часу і іншыя творчыя калектывы.
На працягу ўсяго дня для жыхароў горада працавалі музычныя пляцоўкі, на якіх выступалі вядучыя калектывы Чавускага раённага Цэнтра культуры і вольнага часу.
Увечары на гарадской плошчы прайшоў канцэрт-віншаванне "Расквітай, Беларусь!" з удзелам пераможцаў міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў. Госці, жыхары горада і раёна далучыліся да рэспубліканскай акцыі "Праспяваем гімн разам". Пасля ўрачыстага выканання Дзяржаўнага Гімна Рэспублікі Беларусь неба над Чавусамі расцвіло агнямі святочнага салюта.
Святочны дзень завяршыўся танцавальнай праграмай.
Тарасенка Н.Ф., метадыст аддзела інфармацыі, методыкі культурна-асветнай і ідэалагічнай работы РЦК і вольнага часу ДУК “ЦКС Чавускага раёна”.