Дзень сям’і святкавалі ў Дрыбіне
12 мая 2017 года ў Дрыбінскім раённым Цэнтры культуры прайшло сямейнае свята «Дружная сямейка».
Мерапрыемства праходзіла напярэдадні самага добрага, самага цёплага свята – Дня сям'і, якое адзначаецца 15 мая. «Сям'я – самае дарагое, што ёсць у чалавека» – менавіта гэтымі словамі пачалася сустрэча з прысутнымі ў зале дзецьмі і іх бацькамі.
Знаёмства з гледачамі прайшло ў выглядзе інтэрв'ю, далей вядучыя праверылі веданне гледачоў і членаў іх сем'яў пры дапамозе загадак. Таксама падчас свята ўсім жадаючым было прапанавана паўдзельнічаць у конкурсе малюнкаў на асфальце «Дом мары», дзе ў праектах дамоў адбіліся ўсе сямейныя задумкі і мары, дзе ўдзельнікі праявілі сябе не толькі як фантазёры, але і як сапраўдныя мастакі. Аўтары самых арыгінальных «карцін» былі ўзнагароджаны салодкімі прызамі.
Таксама ўвазе гледачоў быў прадстаўлены спектакль «Далёкая даль», дзе кожны яшчэ раз пераканаўся ў тым, што сям'я – самае ўтульнае і цёплае мястэчка на Зямлі. І толькі ў гэтым мястэчку ты па-сапраўднаму шчаслівы!
Падчас свята прайшла віктарына «Мой любімы мультфільм», дзе дзецям было прапанавана адгадаць мелодыю з мультфільмаў. І, вядома ж, усе прысутныя з задавальненнем праявілі сябе на святочнай дыскатэцы, дзе самыя актыўныя «танцоры» атрымалі салодкі прыз.
Усе прысутныя атрымалі масу станоўчых эмоцый. Па заканчэнні свята на твары кожнага прысутнага ззяла ўсмешка, а гэта значыць, што яшчэ адзін дзень для хлопчыкаў і дзяўчынак прайшоў весела і з карысцю!
Нэллі Шуткова, метадыст ДУК «Дрыбінская цэнтралізаваная клубная сістэма»