Дзяржаўная ўстанова культуры “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна” стала пераможцам рэспубліканскага конкурсу абвешчанага Нацыянальнай акадэміі навук да Году народнага адзінства

Таленавіта выказаць сваю любоў да роднай зямлі, яе спадчыны, увасобіць у сваіх творчых работах ідэі народнага адзінства змаглі нашы землякі з Краснапольшчыны Валянціна Марчанка, Анастасія Церахава і народны фальклорны ансамбль “Горскія харашухі”, якія сталі лаўрэатамі рэспубліканскага конкурсу.
Рэспубліканскі конкурс быў абвешчаны НАН (Нацыянальнай акадэміяй навук) да Году народнага адзінства і накіраваны на кансалідацыю беларускага грамадства і ўмацаванне нацыянальнага адзінства, на фарміраванне пачуцця гонару за гераічнае мінулае і славутаю сучаснасць, на падтрымку таленавітых творчых людзей, папулярызацыю гісторыі і культуры Беларусі.
Конкурс прапаноўваў розныя намінацыі. Нашы землякі абралі наступныя: “Песні нашага краю”, “Вершы і апавяданні пра сваю зямлю”, “Краязнаўчымі сцежкамі”.
Творча і таленавіта праявілі сябе нашы землякі ў конкурсе, чым заслугоўваюць гонар і павагу за пачэснае прадстаўленне Краснапольшчыны на такім высокім узроўні – на ўзроўні Рэспублікі Беларусь.
Пераможцы атрымалі дыпломы і шыкоўныя падарункі ад арганізатараў рэспубліканскага конкурсу.
“Каштоўнасці, што нас яднаюць” – апавяданне Анастасіі Церахавай, настаўніцы ДУА “Горскі ВПК дзіцячы сад – базавая школа”, члена клубнага фарміравання Краснапольскага РЦК – гэта роздум аб каштоўнасцях, якія здольныя яднаць беларусаў. З глыбокай упэўненасцю сярод гэтых каштоўнасцяў аўтар называе родную песню, беларускую мову і распавядае, якім быў яе асабісты шлях да асэнсавання іх прыгажосці і злітасці з імі.
Аўтар заклікае кожнага прыслухацца да свайго сэрца, адшукаць у ім схільнасць да тых каштоўнасцяў, праз якія сапраўды можна адчуць адзінства, сілу і незалежнасць, упэўненасць у неўміручасці свайго народа. А такіх “скрэпаў” у беларускага народа шмат.
Работа А. Церахавай у намінацыі “Вершы і апавяданні пра сваю зямлю” узнагароджана дыпломам лаўрэата III ступені.
Валянціна Марчанка, метадыст Краснапольскага РЦК, прыняла ўдзел у намінацыі “Краязнаўчымі сцежкамі” і таксама стала лаўрэатам III ступені.
Яе краязнаўчая работа “Калечына-малечына” або фальклорныя вобразы майго дзяцінства” сапраўды заклікае чытача прайсці разам з аўтарам сцежкамі яе дзяцінства, сцежкамі малой радзімы. Радзімы, якая прыцягвае да сябе, як магніт, з’яўляецца незабыўным месцам і незабыўнай памяццю. І аўтар помніць усё – да самых драбніц. Яе памяць уваскрашае вясковы ўклад жыцця, дзіцячыя забавы і тыя фальклорныя вобразы, на якія было багата яе дзяцінства. Яна з любоўю распавядае пра гэтыя вобразы – “Калечыну-малечыну”, “Бабу-калечку”, “Дзеда”, “Серенькага Мядзведзя” і іншых. Менавіта з любоўю, бо родная спадчына мае глыбокія і неўміручыя карані. Дастаткова пазнаёміцца з работай В. Марчанка, каб упэўніцца ў гэтым.
Любіце сваю зямлю так, як любіць яе аўтар, які шчодра дзеліцца сваёй памяццю і глыбінёй сваёй душы.
“Унікальны фальклорны скарб” – конкурснай работай, прадстаўленай народным фальклорным ансамблем “Горскія харашухі” (кіраўнік В. Марчанка), быў унікальны фальклорны песенны твор, захаваны спявачкамі вёскі Горы Краснапольскага раёна. Ён уносіць у глыбіню вякоў і ўяўляе сабой бясцэнную жамчужыну народнай творчасці, багацейшай фальклорнай спадчыны беларускага народа, малой радзімы. Спадчыны, якая жыве, поўніць культуру Беларусі і яднае вакол сябе сапраўдных аматараў творчасці і сапраўдных беларусаў, улюблёных у сваю зямлю.
У намінацыі “Песні нашага краю” народны фальклорны ансамбль “Горскія харашухі” адзначаны дыпломам лаўрэата I ступені.
В.А.Марчанка, метадыст РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”