Экскурсія-пагружэнне “Ад прадзедаў з пакон вякоў нам засталася спадчына…” прайшла ў Горацкім раёне

25 лістапада ў Добраўскім сельскім Доме культуры ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Горацкага раёна” прайшла экскурсія-пагружэнне “Ад прадзедаў з пакон вякоў нам засталася спадчына…”, прысвечаная Году гістарычная памяці.
Напярэдадні Піліпаўскага паста, у імправізаванай беларускай хаце культарганізатар дома культуры Осіпава Вольга Георгіеўна з дапамогай навучэнцаў і педагогаў школы мастацтваў і мастацкіх раместваў правяла рэканструкцыю традыцыйных для гэтага часу вячорак.
Піліпаўка – час, напоўнены бесперапыннай працай. Мужчыны ў вёсках займаліся лозапляценнем, бондарствам, вырабамі з дрэва, ганчарствам. Жанчыны апрацоўвалі лён, пралі, ткалі палотно, шылі адзенне, вышывалі вопратку і ручнікі, посцілкі, плялі карункі. Для гэтага збіраліся на піліпаўскія вячоркі ў чыёйсьці хаце, прыносячы туды свае прасніцы, верацёны ды кудзеліцу, дапамагаючы адзін аднаму талакою. Каб працавалася весялей, жанчыны і дзяўчаты пелі духоўныя песнапенні, калядныя і бяседныя песні.
Успамінамі аб тым, як праходзілі вячоркі ў дзяцінстве, з прысутнымі падзялілася адна з першых удзельніц ансамбля народнай песні “Дабраначка” Шупілава Тамара Васільеўна. З сабой яна прынесла дарагія яе сэрцу рэчы: 100-гадовую хустку-камашырку, якая ей дасталася ад свякроўкі і ручнік, вышыты рукамі яе матулі.
Галухіна Валянціна Андрэеўна, настаўніца пачатковых класаў з вялікім стажам, так сама прыйшла не з пустымі рукамі. Знакамітыя на ўвесь раён “пампушкі ад Валюшкі” яна гатуе па асобаму рацэпту ужо шмат год. Такія смачныя рэзнікі атрымліваюцца толькі у яе.
Традыцыйнымі “чараўнікамі”, тушанай фасоляй і блінамі з печы частавала ўсіх знатная кулінарка Шынкарова Вольга Валер’еўна.
Педагогі школы мастацтваў і мастацкіх раместваў у ходзе мерапрыемства праводзілі майстар-класы па разьбе па дрэве, ручной вышыўцы і абрадавай кукле-мотанцы.
Навучэнцы харэаграфічнага аддзялення школы пад рукаводствам педагога Сідарэнка Галіны Васільеўны танчылі народныя бытавыя танцы, а калі музыка зайграў “падыспань”, на сваіх месцах не ўсядзелі і гледачы.
Удзельнікі гуртка “Добраўскія лыжкары” прадыманстравалі віртуёзную ігру на драўляных лыжках і трашчотках.
Усе прысутныя з інтарэсам знаеміліся з экспанатамі народнага побыту ў імправізаванай хаце-музеі. Тут і калаўрот, сукала, верацяно і прасніца, якія выкарыстоўваліся жанчынамі пры вырабе нітак і тканіны. Маслабойка, кубелец, сіта, керамічны і драўляны посуд, рубель і вугальны прас. У куфары шмат саматканых посцілак і уціральнікаў, набожнікаў і ручнікоў, упрыгожаных ручной вышыўкай. Увесь гэты скарб на працягу некалькіх год збірае Осіпава Вольга Георгіеўна. Яна памятае гісторыю кожнай рэчы, калі і кім яна была падаравана, ці дзе знойдзена. Вось і ў гэты дзень калекцыя экспанатаў папоўнілася. Жыхар нашага аграгарадка, Еўдакімаў Аляксандр Еліферавіч, нераўнадушны да ўсяго чалавек, перадаў у музейны куток серп, рубанак і нажніцы для стрыжкі авечак.
Арганізатары мерапрыемства падзякавалі ўсім прысутным за іх зацікаўленасць і пажадалі далей захоўваць і зберагаць традыцыі і абрады беларускага народа і свайго краю.




Алена Еленева, настаўнік дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ДУА “Ленінская дзіцячая школа мастацтваў і мастаціх рамёстваў Горацкага раёна”