ЭНЦЫКЛАПЕДЫЯ ВЯСКОВАГА ЖЫЦЦЯ
“Энцыклапедыя вясковага жыцця”, – менавіта да такой высновы прыходзіш, калі знаёмішся з кампазіцыямі, створанымі Людмілай Крапіўніцкай з аграгадка Яноўка і наведвальнікамі яе гуртка “Чараўніцы” на базе Яноўскага СДК.
“Што за кампазіцыі?”, – спытаеце вы. Спяшу падзяліцца!
Гэтыя кампазіцыі – сцэны з вясковага жыцця. А створаны яны то па роду дзейнасці – і тут можна ўбачыць і касароў, і жней, і праху, то ўяўляюць сабой святы народнага календара – Купалле, Зажынкі, Багач, Каляды...
Але самае цікавае тое, што вобразы жывёл і людзей, прадметы іх працы створаны не з тэкстылю, а з талашу – лістоў кукурузы, якімі абгорнуты яе катахі (пачаткі).
Пра кукурузны “тэкстыль”, талаш, Людміла ведае з дзяцінства. Яе бацькі выраблялі з гэтага матэрыялу не толькі цацкі для сваіх дзяцей, а яшчэ і прадметы быту і нават адзення і абутку – дыванкі на падлогу, тапкі, хлебніцы, сумкі, галаўныя ўборы.
Расліны з даўніх часоў адзявалі і абувалі чалавека, кармілі і лячылі, сагравалі, захоўвалі ад непагадзі. Многія з іх былі ўведзены ў культуру, давалі ежу, адзенне, будаўнічы матэрыял і матэрыял для розных вырабаў. Расліны зрабілі вялікае ўздзеянне на народную творчасць.
Народнае мастацтва заўсёды развівалася як хатняе рамяство, якое накіравана на тое, каб упрыгожыць быт. Людміла не ведае, адкуль пайшла цікаўнасць да такога рамяства. Можа на тое паўплывала культура гістарычнай радзімы яе бацькі – ён родам з в. Горлаўка Данецкай вобласці, нарадзіўся ў 1930 годзе. Маці – беларуска, нарадзілася ў в. Каз-Буда Краснапольскага раёна.
Што і казаць, беларускі этнас убірае ў сябе асобныя элементы розных культур. Паўднёва-усходняя частка Магілёўшчыны мяжуе з Расіяй і Украінай, тут адбывалася ўзаемадзеянне розных этнасаў, што вызначае культурную спецыфіку. Гэты рэгіён мае самабытную народную спадчыну.
Але ж вернемся да гераіні майго паведамлення і яе захаплення.
Свае дзіцячыя ўражанні і ўспаміны пра талашовы цуд Людміла захоўвае да гэтага часу. І не проста захоўвае, а пачала адраджаць пляценне з талашу.
Спачатку яна авалодала пляценнем з газетнай лазы, а потым задумалася над узнаўленнем рамяства з талашу. Сёння яна дасканала валодае тэхнікамі пляцення з талашу і, як яе маці калісьці, пляце і тапкі, і дыванкі і многае іншае, стварае з гэтага паслухмянага матэрыялу лялькі і цэлыя кампазіцыі з іх, пра якія я і нагадала вам у пачатку нашай размовы.
“Праз гэтыя кампазіцыі так лёгка знаёміць дзяцей і са святамі, і з бытам нашых продкаў, з нашай культурай”, – дзеліцца Людміла. Атрымліваецца рукатворная “Энцыклапедыя вясковага жыцця”! Гэтыя кампазіцыі можна разглядаць гадзінамі. З задавальненнем дзялюся фотаздымкамі, а лепей – наведайце Яноўскі СДК.
Прадметы з талашу Людмілы Крапіўніцкай і яе вучняў упрыгожваюць гэту культурную ўстанову, іх сёння можна ўбачыць не ў адной хаце аграгарадка і за яго межамі. Вяскоўцы набываюць абярэгі, сувеніры, розныя пано для ўпрыгожвання дома, падстаўкі, заказваюць тапачкі і іншае.
Крапіўніцкая Л. В. і яе калега Яфімчык Т. В. шчодра дзеляцца сваім умельствам. Вопытам вывучэння і адраджэння рамяства для шырокай аўдыторыі слухачоў Крапіўніцкая Л. В. дзялілася на рэгіянальных краязнаўчых чытаннях “Мой край: вядомы, невядомы” (кастрычнік 2022 г.), прадстаўляла гэты элемент спадчыны ў час правядзення на базе ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна” республіканскага семінара (красавік 2022 г.). Яфімчык Т. В. дзялілася вопытам установы пры правядзенні навукова-практычнай канферэнцыі (снежань, 2022 г.) на базе Краснапольскага РЦК.
Праз усе праведзеныя мерапрыемствы можна было пазнаёміцца з матэрыялам і яго ўласцівасцямі і асаблівасцямі, з тэхналогіямі плоскага і аб’ёмнага пляцення, стварэння аб’ёмных вырабаў, традыцыйных лялек, інш.
На базе Яноўскага СДК на працягу 3 гадоў працуе клубнае фарміраванне “Чараўніцы”, праз якое рамяство засвойваецца мясцовым насельніцтвам. Сярод навучэнцаў – і вучні мясцовай навучальнай установы. Са студзеня 2023 года ў Яноўскім СДК плануецца адкрыць яшчэ адзін гурток для якаснай арганізацыі навучальных працэсаў як з дарослымі, так і з дзецьмі на аснове іх зацікаўленасці рамяством з талашу.
“Дзе яшчэ можна пазнаёміцца з гэтым рамяством і матэрыялам?”, – спытаеце вы.
Традыцыі выкарыстання талашу ў народнай творчасці краснапольскімі ўмельцамі папулярызуецца праз розныя формы і для розных аўдыторый і катэгорый насельніцтва. Вырабы з талашу знаходзяць сваё месца на раённых штогадовых выставах рамёстваў і ДПМ і ў раённых конкурсах “Калядны цуд”, “Жывое дрэва рамяства”, “Прыгарні ты да сэрца Радзіму (у намінацыі “Незабытыя рамёствы”), якія ладзіць Краснапольскі РЦК.
Гэтыя конкурсы і выставы штогадовыя, не прапусціце іх, наведайце Краснапольскі РЦК.
Далучыцца да традыцыі можна і праз майстар-класы ў час правядзення на Краснапольшчыне рэгіянальных фестываляў: фестываля народных промыслаў і рамёстваў “Краснапольскі глечык” і фестываля фальклору “Чары сівой даўніны”.
Вопыт выкарыстання талашу ў народнай творчасці, які назапасены папярэднімі пакаленнямі, адраджаецца ў Краснапольскім раёне аматарамі творчасці, далучайцеся да яе і вы.
Валянціна Марчанка, метадыст РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”