Этнаграфічнае падарожжа у лес
З далёкіх часоў з лесам звязана шмат прыкмет. Лес корміць і адзявае чалавека. І чалавек узаемадзейнічае не толькі з лесам, але і з істотамі, якія там па народных павер’ях жывуць.
29 жнівеня аматарскае аб’яднанне “Калагод” Клічаўскага раённага Дома культуры зрабіў этнаграфічнае падарожжа у лес, каб зняць праграму “Лясныя прыкметы, замовы, воклічы” па этнаграфічных матэрыялах, які сабіралі з вопыта грыбнікоў і ягаднікаў, што пастаянна ходзяць у лес і ведаюць шмат цікавых непрыдуманых гісторый са свайго жыцця. Удзельнікі аматарскага аб’яднання расказвалі гэтыя гісторыі.
Ад Ірыны Хлопкінай усе даведаліся, як яе бабуля, якая умела лячыць розныя хваробы і сама ведала замовы ад гадзюк, сустрэлася з гадзюкай, якая яе выгнала з лесу, б’ючы хвастом па спіне. Бабуля нават не зразумела адразу, хто яе б’е па спіне і толькі потым заўважыла, што гэта гадзюка, якая гнала яе з лесу, пакуль не выгнала на шлях. Слухачы вырашылі, што такім чынам гадзюка выратавала бабулю ад нечага нядобрага.
Шмат ёсць гісторый, калі людзі хадзілі ў лес на Ўздвіжанне і сустракалі там вельмі шмат гадзюк, якія былі скручаныя у вялікія клубкі, шыпелі і пераліваліся на сонцы. І гэта таксама вядома, што на гэта свята ёсць забарона не хадзіць у лес, бо гадзюкі збіраюцца “ў вырай” і могуць пашкодзіць чалавеку.
Тацяна Курыліна расказала што трэба рабіць, калі заблудзіўся, якія словы і дзеянні патрэбна выканаць. Абавязкова пераадзявалі адзенне навыварат, і пераабувалі абутак не на тую нагу, тады чалавек хутка знаходзіў дарогу. Этнографы лічаць, што Лешы прызнае такога чалавека за свайго, бо сам ходзіць у вывернутым адзенні, і таму адразу “адпускае” таго, хто заблукаў. Бывае, што грыбнікі ці ягаднікі могуць доўгі час блукаць па лесе і не могуць выйсці, пападаючы на адно і тое самае месца. Таму людзі павінны ведаць правілы знаходжання ў лесе, каб не “прагневаць” Гаспадара лесу.
Заходзіць у лес патрэбна толькі па сцежцы, а не праз хмызняк. А, заходзячы, абавязкова прачытаць замовы або малітвы. Можна пакласці на камень або пень пачастункі. Гэта могуць быць цукеркі, яблыкі, кавалачак хлеба або цукар. Некаторыя замовы можна расказаць іншым людзям, а некаторыя перадаюць толькі ў сям’і і расказваць іншым іх нельга. Ёсць таксама замовы ад ваўкоў. Калі ўбачыш у лесе ваўка, то трэба у думках паклікаць сваіх пакойных бабу і дзеда. Іншыя інфарматары лічаць, што вельмі дапамагае, калі ўспомніш апошняга пакойніка, якога пахавалі на могілках і скажаш, “Каб ты так анямеў, як і (імя пакойнага)”. Тады воўк анямее і не пагоніцца ўслед.
Веды нашых продкаў – гэта вялікая скарбонка прыкмет, традыцый, народнага знахарства, традыцыйных лекаў і мы не павінны адносіцца да гэтага абыякава, бо гэта школа выжывання ў цяжкіх і непрадказальных умовах, гэта народная мудрасць, якая накаплівалася вякамі і ва ўсе часы заўжды вельмі дапамагала ў розных выпадках.
Ж.Я.Ачыновіч, загадчык аддзела нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Клічаўскага раёна”