Каб традыцыйныя культурныя з’явы не зніклі бесслядоўна, неабходна садзейнічанне іх ахове, рэалізацыя этнакультурнай практыкі, зацікаўленасць у захаванні народнай спадчыны з боку яе носьбітаў, майстроў, спецыялістаў сферы адукацыі і культуры, з боку дзяржаўных арганізацый і творчых суполак людзей.
На такія мэты накіраваны сацыяльна-творчы праект “Забытае ўваскрашаецца”. Кіраўнік і аўтар праекта Марчанка В. А. прадставіла справаздачу па прамежкавых выніках праекта, зрабіла агляд метадычнай выстаўкі па выніках праекта. На выстаўцы знайшла месца выдавецкая прадукцыя, сярод якой – брашуры з абагульненымі матэрыяламі па выніках фальклорных і этнаграфічных экспедыцый па вёсках Краснапольшчыны, брашуры з распрацаванымі на аўтэнтычна-фальклорным матэрыяле творчымі праграмамі, якія прапанаваны для рэалізацыі на этнамаршрутах “Горы – жамчужына Краснапольшчыны”.
У праграме семінара знайшлі месца падвядзенне вынікаў раённага конкурсу прафесійнага майстэрства “Лепшы кіраўнік клубнага фарміравання” і абмен вопытам работы спецыялістаў СДК па такіх пытаннях, як узаемадзеянне клубнай установы з майстрамі народнай творчасці (Сідараўскі СДК); формы папулярызацыі клубных фарміраванняў (Ленінскі СДК); шляхі збірання, засваення і папулярызацыі фальклорна-этнаграфічнай спадчыны (Яноўскі СДК); традыцыйныя і творчыя формы арганізацыі заняткаў клубных фарміраванняў (усе ўдзельнікі). Вопытам па распрацоўцы плана-канспекта занятка прадставіла самы малады спецыяліст СДК Нюнько Е. М. (Сідараўскі СДК).
Зацікавіла спецыялістаў і ўменне “чытаць” узоры беларускага ткацтва і вышыўкі, чым мэтанакіравана займаецца метадыст па традыцыйнай культуры, якая і прэзентавала на семінары свае здабыткі ў творчай праграме “Пра што расказваюць узоры”.
Самааналізам уласнай дзейнасці і рэфлексіяй займаліся ўдзельнікі семінара, абмяркоўваючы пытанне “Год культуры: на шляху пошукаў і адкрыццяў”.
Пазнавальнай і цікавай адбылася экскурсія ва ўрочышча “Касцёл” на тэму “Духоўная культура мінуўшчыны роднага краю”.
Этнакультурная практыка, рэалізуемая клубнымі ўстановамі – імкненне выкарыстоўваць рэсурсы традыцыйнай культуры свайго рэгіёну, якія могуць і павінны выконваць сваю ролю ў паляпшэнні якасці жыцця насельніцтва, яго духоўнага ўдасканалення.
Марчанка В. А., метадыст РЦК г. п. Краснаполле