Фальклорная праграма «Вяснянкі» прайшла ў Быхаўскім раёне
У Быхаўскім Цэнтры культуры, народнай творчасці і рамёстваў 15 сакавіка сабралася дзетвара, каб разам успомніць, як нашы прадзеды да вясны рыхтаваліся, як вясну чакалі, і як вясну гукалі.
Спачатку у тэатралізаванай форме гледачам быў прадстаўлены святочны дзявочы касцюм рэгіянальнага строю, які рэканструявалі настаўнікі Дзіцячай школы мастацкіх рамёстваў. У ім да дзетвары выйшла Вяснянка, якая прапанавала дзяўчынкам прыняць удзел у абрадзе «Гуканне вясны». Потым сама Вясна-чараўніца завітала да дзяцей са сваімі забавамі. Усе, хто прыняў удзел у гульнёвай праграме, атрымалі сувеніры – птушачак, якіх вырабілі на занятках удзельнікі гурткоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Вдохновение» і «Чудеса в сундучке».
Алена Байкова, мастацкі кіраўнік Цэнтра культуры, народнай творчасці і рамёстваў ДУК «ЦКС Быхаўскага раёна»