Фальклорныя пасядзелкі “Вялікдзень” у Круглянскім раёне

У рамках рэспубліканскага праекта “Кожная пятніца – роднае сваё” ў раённым Доме культуры г. Круглае прайшлі фальклорныя пасядзелкі “Вялікдзень”.
Мерапрыемства падрыхтавалі творчыя працаўнікі, а таксама ўдзельнікі дзіцячага тэатральнага гуртка “Казка” і вакальнага ансамбля “Гармонія” раённага Дома культуры.

У пачатку сустрэчы госці пазнаёміліся з гісторыяй і звычаямі святкавання Вялікадня, даведаліся пра значэнне гэтага дня ў народнай культуры і сямейных традыцыях.
Асаблівая ўвага была ўдзелена традыцыйным велікодным гульням. Самай азартнай стала гульня ў біткі: удзельнікі па чарзе стукалі фарбаванымі яйкамі адзін пра аднаго, і той, чыё яйка заставалася цэлым, лічыўся пераможцам. Гэтая гульня выклікала жывую цікавасць і мноства ўсмешак як у дзяцей, так і ў дарослых.

Не менш займальным аказалася катанне яек з горкі, у якім людзі маглі даведацца аб працягласці свайго жыцця. Для гэтага збудавалі спецыяльны жолаб, па якім удзельнікі запускалі свае размаляваныя яйкі. Чыё яйка пракацілася далей за ўсіх, той і будзе доўгажыхаром.
Адным з самых кранальных момантаў стаў старадаўні абрад мыцця дзяцей велікодным яйкам. Хросная беражліва праводзіла чырвоным яйкам па шчоках малых, прыгаворваючы добрыя пажаданні здароўя, шчасця і дабрабыту. Гэты абрад сімвалізуе ачышчэнне і абарону ад нягод, а таксама перадае дзецям часцінку бацькоўскай любові і клопату.

На працягу праграмы гасцей радавалі валачобнікі-выканаўцы традыцыйных велікодных песень. Яны хадзілі па зале, віншавалі ўсіх з святам, спявалі велічныя песні і жадалі дабра.

У праграме былі і народныя танцы, а ў завяршэнне ўсе разам паспрабавалі святочную пасху, што стварыла па-сапраўднаму цёплую, душэўную і святочную атмасферу.

Пасядзелкі сталі яркім прыкладам захавання і папулярызацыі народных традыцый, аб’яднаўшы ўдзельнікаў усіх узростаў у адзіным творчым парыве.

Вольга Ківель, загадчык аддзела РДК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Круглянскага раёна”