«Фестываль народных талентаў Магілёўшчыны»: мы пакажам таямніцы беларускай душы!
З прывітальным словам да ўдзельнікаў і гледачоў звярнуўся намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка. Таксама на ўрачыстым мерапрыемстве прысутнічалі: Андрэй Кунцэвіч – начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама; Алена Баброва – намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама, начальнік упраўлення культуры; Алег Хмялькоў – дырэктар установы культуры «Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы» і Павел Алекса – першы сакратар Магілёўскага рэспубліканскага саюза моладзі.
У адкрыцці прымалі удзел вядучыя калектывы горада Магілёва: заслужаныя аматарскія калектывы Рэспублікі Беларусь харэаграфічны ансамбль «Рунь» і харэаграфічны ансамбль «Сувенір», народны ансамбль народнай музыкі «Магілёўцы», народны вакальны ансамбль «Івіца», народны ансамбль эстраднай песні «Арыён», народны харэаграфічны ансамбль «Алеся» і іншыя.
Абласны творчы праект «Фестываль народных талентаў Магілёўшчыны» будзе праходзіць з сакавіка па снежань 2016 года на базе ўстановы культуры «Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы».
Непасрэдна фестывальныя мерапрыемствы распачалі творчыя калектывы ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Магілёўскага раёна». Творчая прэзентацыя клубнай установы раёна была прадстаўлена разнастайнай канцэртнай праграмай вакальна-харавых і харэаграфічных калектываў, а таксама выставай ручнікоў і вырабаў майстроў раёна, якія працуюць па розных жанрах дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Наступнымі, хто шчыра будзе дарыць сваю творчасць, стане ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Бялыніцкага раёна», якая прадставіць сваю творчую прэзентацыю 16 сакавіка. Эстафету абласнога творчага праекту «Фестываль народных талентаў Магілёўшчыны» намеснік старшыні Магілёўскага райвыканкама Уладзімір Яленскі перадаў намесніку старшыні Бялыніцкага райвыканкама Андрэю Ганчуку.
Асноўныя задачы творчага праекта – развіццё і папулярызацыя разнастайнасці жанраў аматарскай мастацкай творчасці і народных промыслаў, узаемаабмен вопытам кіраўнікоў аматарскіх калектываў, спецыялістаў метадычных службаў, павышэнне прэстыжу прафесіі работніка культуры.
Беларуская душа – яна шырокая і багатая, і «Фестываль народных талентаў Магілёўшчыны», як ніякі іншы, гэта даказвае.
Ганна Тузянкова, вядучы рэдактар УК «Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы»