Фестываль сена «Сенафэст - 2018» прайшоў у Кіраўскім раёне
16 чэрвеня 2018 года ў Кіраўскім раёне, на Чыгірынскім вадасховішчы, прайшоў фестываль сена «Сенафэст - 2018». Чыгірынская гасцінная зямля ўжо другі год запар збірае ўдзельнікаў і гасцей фестываля сена.
Сенакос – адзін з абрадаў старажытнасці. Час сенакосу ў сялян лічыўся святочнай падзеяй і чакалі яго з нецярпеннем. Пры спрыяльных умовах уборка сена лічылася адной з прыемных сельскіх работ. Лета, цёплыя ночы, купанне пасля стомнай спёкі, духмянасць лугоў – усе разам мела радаснае ўздзеянне на душу.
У першы дзень выхаду жыхароў вёскі на сенакос праводзіўся абрад «Сенны пояс». Фестываль таксама пачаўся з урачыстага адкрыцця, дзе гледачы змаглі ўбачыць гэты народны абрад. Абрад здзяйсняўся жанчынамі. Выконваючы обрадавую песню яны павольна рухаліся на месца сенакосу. Да старэйшай жанчыны падыходзіў касец і прасіў благаслаўлення на касьбу. Гаспадыня яго благаслаўляла, пры гэтым прасіла ў Бога дапамогі. Пасля гэтага ўсе разам збіралі свежаскошаную траву, завівалі і скручвалі ў доўгія джгуты і плялі «Сенны пояс», уплятаючы ў яго палявыя кветкі. Калі пояс быў гатовы, жанчыны, трымаючы паясы на выцягнутых перад сабой руках, выконвалі абрадавы карагод, у цэнтры якога гаспадары Чыгірынскай зямлі: старшыня Стайкаўскага Савета дэпутатаў Фрэйберг Міхаіл Канстанцінавіч і дырэктар сельскагаспадарчага філіяла «Чыгірынка» Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Беларусьнафт Магілёўаблнафтапрадукт» Кузняцоў Ігар Уладзіміравіч. Пад абрадавую песню, у танцы жанчыны расчынілі харавод і павязалі гаспадарам «сенныя паясы». У народзе лічылася, што сенакос нясе абнаўленне для душы і цела: пакосныя травы, сплеценныя у «сенны пояс» давалі чалавеку здароўе, пазбаўлялі ад шматлікіх хвароб і выконвалі функцыю абярэга.
Пасля адкрыцця фестываля ўсе урачыста адправіліся на тэрыторыю, дзе праводзіўся конкурс касцоў. У самым пачатку «калоны касцоў» ішлі ўдзельнікі вакальнага ансамбля «Харашухі» Баравіцкага сельскага Дома культуры, якія выконвалі абрадавыя песні, дзяўчыны неслі збаны з вадой, а за імі урачыста выстраіліся каманды касцоў.
Са ўсяго Кіраўскага раёна сабраліся касцы на свята сена «Сенафэст – 2018». Удзел у спаборніцтвах прымалі каманды: «Вясковыя хлопцы» ААТ «Кіраўскае райаграпрмтэхзабеспячэнне», «Асілкі» Стайкаўскага сельскага Савета, каманда аграгарадкоў Добасна і Паўлавічы «Малайцы-удальцы», «Мы із тех, кто профтех» УА «Жыліцкі дзяржаўны сельскагаспадарчы каледж» філіял «Кіраўскі прафесійны ліцэй», каманда «Рассвет» ААТ «Рассвет імя Кірыла Пракопавіча Арлоўскага», каманда «Вясёлыя хлопцы» Скрыпліцкага і Мышкавіцкага сельскіх Дамоў культуры, «Экстрым» Баравіцкага сельскага Дома культуры і каманда «Волаты» Кіраўскага раённага аддзела адукацыі. Камандам патрэбна было выканаць некалькі конкурсных этапаў: касьба сена на хуткасць і якасць, «Ювелірная касьба» і стагаванне сена. За усімі выпрабаваннямі сачыла кампетэнтная судзейская камісія.
Пачатак сенажаці аб’ядноўваў усіх жыхароў вёскі. На сенакос выходзілі ўсе разам.Гэта было не проста важным этапам жыцця вёскі, але і самай прыемнай працай, напоўненай урачыстасцю і вяселлем – «Якое лета, такое і сена». Мужчыны і жанчыны для працы ў лугах прыбіраююцца ў самае добрае адзенне, як на урачыстае свята. Вось і нашы каманды імкнуліся вызначыцца ад іншых знешнім выглядам: кожная каманда была апранута ў адпаведную вопратку для абраду касьбы. Пасля не лёгкіх конкурсных выпрабаванняў дзяўчыны, апранутыя ў ільняныя сукенкі, частавалі ўдзельнікаў каманд халоднай крынічнай вадой.
У спаборніцтвах касцоў, у намінацыі «Стагаванне сена» трэцяе месца прысуджана камандзе «Вясёлыя хлопцы» , другое месца прысуджана камандзе «Рассвет» і пераможцам у намінацыі «Стагаванне сена» стала каманда «Волаты».
У намінацыі «Ювелірная касьба» пераможцам стаў Паўлоўскі Валерый Раманавіч з каманды «Асілкі».
У спаборніцтвах касцоў у намінацыі «Касьба сена на хуткасць і якасць» трэцяе месца прысуджана камандзе «Мы із тех, кто профтех». Другое месца сярод каманд касцоў у гэтай намінацыі заняла каманда «Асілкі». Пераможцам на фестывалі сена «Сенафэст – 2018» у намінацыі «Касьба сена на хуткасць і якасць» стала каманда «Малайцы-удальцы».
Увесь дзень удзельнікі і госці фестывалю маглі пачаставацца духмянай юшкай, якую падрыхтавалі работнікі Чыгірынскага сельскага Дома культуры і адпачыць у будане, які быў размешчаны непадалёк. Падчас правядзення фестывалю працавалі выставы фігур з сена, традыцыйнага сенакоснага інвентара і сенакоснай культуры з сямейных «калекцый», выстава-продаж сувенірнай прадукцыі, у тым ліку з сена.
На працягу ўсяго дня ўсе жадаючыя маглі наведаць фотавыставу «Лета пяшчотна пахне сенам», а таксама конкурс-выставу страў нацыянальнай кухні. Па выніках конкурса страў першае месца прысуджана Чыгірынскаму сельскаму Дому культуры са стравай «Залатая рыбка». Другое месца атрымаў Барчыцкі сельскі Дом культуры і іх страва «Кувшінкі Чігірінкі» і трэцяе месца прысуджана Паўлавіцкаму сельскаму Цэнтру культуры з стравай «Плывем на Сенафэст».
Падчас фестываля праводзіўся не меньш цікавы конкурс касцюмаў з прыроднага матэрыялу «Карнавал лясных фей». Цалкам справядліва сцвярджэнне, што ўсе людзі ад прыроды таленавітыя. Нехта таленавіты ў спорце, хтосьці ў вывучэнні навукі. А хтосці таленавіты ў мадэляванні адзення і магчыма, стане калі-небудзь сапраўдным куцюр'е. І гэты незвычайны конкурс дапамог выявіць таленавітых мадэльераў, якія прадэманставалі свае работы, створаныя з самых незвычайных матэрыялаў. Удзельнікам конкурсу неабходна было ў арыгінальнай форме прадставіць свой касцюм, распавесці пра яго і пра матэрыял, з якога ён створаны.
Трэцяе месца ў конкурсе касцюмаў з прыроднага матэрыялу «Карнавал лясных фей» прысуджана Чорнай Карыне з касцюмам «Фея кветак», другое месца з касцюмам «Лясная нявеста» заняла Голікава Марыя. Пераможцам у конкурсе касцюмаў стала Маслава Злата і яе чароўны касцюм «Весенній клоун», падчас прадстаўлення якога дзяўчынка выконвала песню клоуна і вельмі ўсіх уразіла сваімі акрабатычнымі трукамі.
Для аматараў пляцення вянкоў быў арганізаваны конкурс пляцення вянкоў «Палявое цуда». У гэтым спаборніцве не было раўных Голікавай Марыі, якой журы прысудзіла ганаровае першае месца, другое месца прысуджанна Зямлянскай Ганне і трэцяе месца ў спаборніцтве па пляценню вянкоў заняла Іванова Марыя.
Усе жадаючыя на працягу ўсяго дня мелі магчымасць наведаць майстар-класы па вырабу лялек з сена і саломы, сувеніраў. Жадаючых навучыцца і самім вырабіць сувенір з сена было вельмі шмат, таму каля майстроў ўвесь дзень было шматлюдна. Падчас правядзення майстар-класаў праводзіўся мастацкі конкурс «Адроджаны сенакос».
Для самых маленькіх гасцей фестывалю прайшла забаўляльна-гульнёвая праграма «У гасцях у саламяных чалавечкаў». Рабяты з задавальненнем прымалі ўдзел у гульнях, конкурсах, якія з імі праводзіў саламяны чалавечак «Васілёк».
Настрой ва ўсіх прысутных на фестывалі яшчэ больш прыўзнялося падчас канцэртнай праграмы фальклорных калектываў раёна «Кірмаш талентаў». Удзел у канцэрце прымалі ўдзел вакальны ансамбль «Харашухі» Баравіцкага сельскага Дома культуры, вакальныя калектывы «Скрыплічаначка» Скрыпліцкага сельскага Дома культуры, «Чараўніцы» Дабаснянскага сельскага Дома культуры, а таксама творчыя группы Стайкаўскага сельскага клуба, Любоніцкага, Чыгірынскага і Мышкавіцкага сельскіх Дамоў культуры.
На вячэрнім канцэрце ўрачыста былі падведзены вынікі ўсіх спаборніцтваў і конкурсаў, узнагароджаны самыя лепшыя ўдзельнікі, якія занялі прызавыя месцы. А ў завяршэнні фестывалю прайшла канцэртная тэатралізаваная праграма і дыскатэка.
Жыхарам Кіраўскага раёна і гасцям вельмі спадабаўся фэст. Кожны змог знайсці сабе занятак па душы і ніхто не сумаваў. Тых, хто не паспеў наведаць фестываль у гэтым годзе, мы запрашаем у госці ў наступным годзе ў Кіраўскі раён, на Чыгірынскае вадасховішча, дзе адбудзецца фестываль сена «Сенафэст».Будзем рады ўсім!
Вольга Нігаматулліна, метадыст ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Кіраўскага раёна»