Фестываль сена «Сенафэст» прайшоў у Кіраўскім раёне
17 чэрвеня 2017 года ў Кіраўскім раёне, на Чыгірынскім вадасховішчы, прайшоў фестываль сена «Сенафэст – 2017». Праграма фестывалю была вельмі насычанай.
Пачаўся фестываль з урачыстага адкрыцця, дзе гледачы змаглі убачыць народны абрад «Сенны пояс».
Пасля адкрыцця праводзіўся конкурс касцоў, які прайшоў у тры этапа: касьба сена на хуткасць і якасць, «Ювелірная касьба», «Стагаванне сена».
Падчас правядзення фестывалю працавалі выставы фігур з сена, традыцыйнага сенакоснага інвентара і сенакоснай культуры, выстава-продаж сувенірнай прадукцыі, у тым ліку з сена, фотавыстава «Лета пяшчотна пахне сенам», конкурс-выстава страў нацыянальнай кухні. Усе жадаючыя на працягу усяго дня мелі магчымасць наведаць майстар-класы па вырабе лялек з сена і саломы, сувеніраў. Падчас правядзення майстар-класаў праводзіўся мастацкі конкурс «Адроджаны сенакос». Для маленькіх гасцей фестывалю прайшла забаўляльна-гульнёвая праграма «У гасцях у саламяных чалавечкаў».
Настрой у прысутных на фестывале яшчэ больш падняўся падчас канцэртнай праграмы фальклорных калектываў раёна «Кірмаш талентаў». У канцэрце прынялі ўдзел вакальны ансамбаль «Харашухі» Баравіцкага сельскага Дома культуры, вакальныя калектывы «Скрыплічаначка» Скрыпліцкага сельскага Дома культуры, «Чараўніцы» Дабаснянскага сельскага Дома культуры, а таксама творчыя групы П.-Слабадскога, Любоніцкага, Мышкавіцкага, Паўлавіцкага сельскіх Дамоў культуры, Капусцінскага сельскага клуба-бібліятэкі і Стайкаўскага сельскага клуба.
Пасля канцэрта ўсе з задавальненнем наведалі конкурс касцюмаў з прыроднага матэрыялу «Карнавал лясных фей» і конкурс пляцення вянкоў «Палявое цуда».
На вячэрнім канцэрце ўрачыста былі падведзены вынікі ўсіх спаборніцтваў і конкурсаў, узнагароджаны самыя лепшыя ўдзельнікі, якія занялі прызавыя месцы. А ў завяршэнні фестывалю прайшла канцэртная тэатралізаваная праграма і дыскатэка.
Жыхарам Кіраўскага раёна і гасцям вельмі спадабаўся фестываль. Кожны змог знайсці сабе занятак па душы і ніхто не сумаваў. Шмат слоў удзякі гучала ў адрас арганізатараў фестываля. Тых, хто не паспеў наведвацца на фестываль, мы запрашаем у наступным годзе на фестываль сена «Сенафэст».
Вольга Мікалаеўна Нігматуліна, метадыст ГУК «ЦКС Кіраўскага раёна»