Фестываль “Яблычны Спас” адбыўся ў Кіраўскім раёне
19 жніўня ў зоне адпачынку “Крынічка”, дзе абсталяваны водасвятны комплекс св.Аляксандра Неўскага, прайшоў фестываль “Яблычны Спас”. На фестывалі прысутнічала кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі працоўных калектываў, жыхары Кіраўшчыны, госці.
Тэрыторыя зоны адпачынку была па-святочнаму ўпрыгожана. У цэнтры стаяў вялікі стол, дзе ганаровае месца занялі яблыкі новага ўраджаю. Гэтыя сакавітыя плады, а таксама іншыя фрукты, агародніна былі ў продажы для ўсіх жадаючых. Пастараліся сюды іх даставіць Жыліцкі сельгаскаледж, ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”, райспажыўтаварыства. Кожны таксама меў магчымасць прадэгуставаць стравы, прыгатаваныя з выкарыстаннем яблыкаў.
Вядучыя расказалі пра праваслаўнае свята Ператварэнне Гасподне або Яблычны Спас, яго абрады. Настаяцель Свята-Пакроўскага храма г.Кіраўска пратаіерэй Дзмітрый Первій здзейсніў чын асвяшчэння яблыкаў. Далей адбылася канцэртная праграма самадзейных калектываў раёна: «Скрыплічаначка» Скрыпліцкага сельскага Дома культуры, народнага фальклорнага аутэнтычнага ансамбля «Спадчына» Любоніцкага сельскага Дома культуры, «Харашухі» Баравіцкага сельскага Дома культуры, «Чаровницы» Дабаснянскага сельскага Дома культуры, «Родные голоса» раённага Цэнтра культуры і вольнага часу.
Вольга Нігаматуліна, метадыст ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Кіраўскага раёна»
Фота: Максіма Мікешына