Гарадскі турнір “Родная мова – цудоўная мова” ў Касцюковічах
Сёння, 21 лютага 2024 года, адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Гэты дзень асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа. І мы, беларусы, не выключэнне. Нам у спадчыну засталася ўнікальная мова – жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная.
Для вучняў школ горада ў раенным Цэнтры культуры быў арганізаваны гарадскі турнір “Родная мова – цудоўная мова”, у якім змагаліся чатыры каманды: “Хлеб-соль”, “Беларусы”, “Мовазнаўцы” і “Краязнаўцы”. Гульню ацэньвала кампетэнтнае журы. Каманды змагаліся за права называцца лепшымі знаўцамі роднай беларускай мовы. Дзеці з задавальненнем выконвалі ўсе заданні вядучага. Праяўлялі здагадку, кемлівасць і паказалі добрыя веды беларускай мовы і літаратуры ў наступных раундах гульні: “Знаёмства”, “Добрыя словы”, “Мовазнаўцы”, “Слоўны букет” і “Дамашняя работа”.
Паміж раундамі, пакуль журы падлічвала балы, свае музычныя і творчыя нумары дарылі ўдзельнікі мастацкага гуртка “Зоркапад” і дзіцячых вакальных студый раённага Цэнтра культуры.
Прыемна адзначыць, што навучэнцы зразумелі і асэнсавалі месца роднай мовы ў жыцці грамадства, прыйшлі да высновы, што беларуская мова – гэта нацыянальны скарб нашага народа. Мерапрыемства прайшло весела, насычана і цікава.
В.А.Клімук, намеснік дырэктара ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Касцюковіцкага раёна”