Гісторыя і свята вёскі праз народную творчасць
Сапраўды, свята вёскі Сідараўка Краснапольскага раёна, а такія святы праводзяцца па ўсіх вёсках і аграгарадках, дзе ёсць установы культуры, адрознівалася ад усіх багаццем прадстаўленых пляцовак-выстаў народнай творчасці. І па гэтых выставах можна было даведацца пра гісторыю жыцця вёскі, густы і майстэрства яе жыхароў у розныя часы. Вось раскінуліся свае крылы ільняныя ручнікі, вось вабяць вока сваім шматквеццем вышыванкі больш позняга часу, а там – вырабы майстроў-разбяроў па дрэву, пляценне, вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва…
Усё прыгожа і пазнавальна, усё прэзентуецца і прапануецца – ці ў якасці падарунка, ці як тавар для продажу. А гэта таксама ўмельства – паказаць сваю работу!
Толькі той, хто мее ці меў дачыненне да арганізацыі падобных дзей, зразумее колькі ўсё гэта патрабуе клопату, увагі, цярплівасці і старанасці, ведання людзей і майстроў сваёй вёскі. А такіх якасцяў не займаць дырэктару Сідараўскага СДК Падабед Раіса Яўгенаўна. Яе пастаянная сувязь з творчымі асобамі вёскі, з яе майстрамі дае магчымасць ладзіць святы па-сапраўднаму народнымі, дзе кожнаму знаходзіцца “і мястэчка, і славечка”.
А колькі “рызынак” умее адшукаць гэты ўлюблёны ў справу чалавек і знайсці ім месца ў творчых дзеях. У праграме свята вёскі працавалі і пляцоўка “Лепшыя суседзі”, і “Народная аптэка”, і пляцоўка “Каравайная”, і “Вясковыя прысмакі”, і “Вясковы агарод” і інш. А вуліца пад запрашальнай назвай “Дзе харчы – там і тарчы” давала магчымасць любому адведаць стравы нацыянальнай вясковай кухні. Частуйся – і вывучай гісторыю быта сялян!
Я не буду расказваць пра агульнавядомыя намінацыі конкурсаў, якія звычайна маюць месца на святах вёскі і падводзяцца пры агульным сходзе, – усё гэта было і ў вёсцы Сідараўка. Мне хочацца ўсё ж больш звярнуць увагу на тое, што ў падрыхтоўку свята, яго правядзенне, афармленне аказалася ўцягнута амаль уся вёска. І гэта давала магчымасць людзям адчуць і сваю запатрабаванасць, і еднасць, і радасць. А прынялі ўдзел у свяце і дзеці, і дарослыя, і маладыя, і старыя. Сучасныя формы ўдзелу ў свяце, такія, як флеш-моб і іншыя, спалучаліся з глыбока традыцыйнымі – народныя спевы, народныя гульні, жарты і забавы.
Час ідзе, многае знікае з нашага жыцця, а гісторыя і нацыянальная культура павінны захоўвацца і перадавацца нашчадкам. І формы для гэтага можна знайсці самыя розныя.
Марчанка В. А., метадыст Краснапольскага РЦК