I адкрыты фальклорны фестываль «Вытокі», прымеркаваны Году малой радзімы, прайшоў у Асіповіцкім раёне
12 мая ў раённым Цэнтры культуры і вольнага часу г.Асіповічы адбыўся новы творчы праект – I адкрыты фальклорны фестываль «Вытокі», які быў прысвечаны году малой радзімы і праводзіўся ў тры этапы.
Падрыхтоўку і правядзенне фестывалю ажыццяўляў раённы адзел народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы ДУК «Централізаваная клубная сістэма Асіповіцкага раёна».
Асноўныя задачы мерапрыемства вызначыла ідэйны натхняльнік свята – начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Асіповіцкага райвыканкама Ірына Раманчук: «Мы ставім мэтай адраджэнне фальклорных традыцый у сучаснай культуры. Вельмі важна захаваць духоўную спадчыну нашага народа, далучыць маладое пакаленне да традыцый продкаў».
У рамках фестывалю прайшоў конкурс «Народная спадчына», у якім прымалі ўдзел творчыя калектывы і выканаўцы мастацкай самадзейнасці клубных устаноў Асіповіцкага раёна. Удзельнікі дзяліліся сваім выканаўчым майстэрствам у намінацыях «абрадавы фальклор», «саліст - вакаліст», «саліст- музыка», «саліст - казачнік». Лепшыя нумары ўвайшлі ў праграму гала-канцэрта фестывалю.
На пляцоўцы перад будынкам РЦК і вольнага часу разгарнуліся спаборніцтвы сярод салістаў-ваклістаў, ўмельцы народнай творчасці дэманстравалі мастацкія вырабы і праводзілі майстар-класы. Фестываль выклікаў вялікую цікавасць гледачоў – праграма гала-канцэрта праходзіла пры поўнай зале. На сцэне былі прадстаўлены самыя разнастайныя фрагменты каляндарных народных святаў, абрадаў, традыцыйных найгрышаў, бытавых танцаў, паданняў. З задавальненнем гледачы прымалі гасцей свята – фальклорны гурт «Глыбокія крыніцы» Любаньскага раённага Цэнтра культуры, які мае статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці і студэнтку трэцяга курса вакальна-харавога факультэта беларускай дзяржаўнай Акадэміі музыкі Вольгу Фёдараву.
У намінацыі «Саліст - музыка» Дыпломам I ступені і памятным прызам узнагароджаны Сцяпан Саханчук і Мікалай Забаўскі.
У намінацыі «Саліст- казачнік» Дыпломам I ступені і памятным прызам узнагароджана Карына Малчанава, Дыпломам II ступені і памятным прызам ўзнагароджана Раіса Мікалаеўна Леўлюх.
Дыпломамі і памятнымі прызамі былі узнагароджаны:
У намінацыі «Саліст-вакаліст» «За аўтэнтычнае выкананне» Дыплом І ступені – Ніна Міхадзюк, Дыпломам II ступені ўзнагарождана Алена Белахвост, Дыплом III ступені атрымала Алена Кавалевіч;
Дыпломам «За захаванне рэгіянальнай самабытнасці» ўзнагароджаны Марыя Міхадзюк і Анатаніна Ланшчакова; дыпломам «За перайманне духоўных традыцый» ўзнагароджана Алена Мішур.
У намінацыі «Абрадавы фальклор» Дыпломам I узнагароджаны народны ансамбль народнай песні «Вязанка» Вяззеўскага сельскага Дома культуры;
Дыпломам II ступені ўзнагароджаны народны ансамбль народнай песні і музыкі «Сузор’е» Пратасевіцкага сельскага Дома культуры;
Дыпломам III ступені ўзнагароджаны народны ансамбль народнай песні і музыкі «Дзівакі» раённага Цэнтра культуры і вольнага часу.
Гран-пры фестываля атрымаў народны ансамбль народнай песні «Вяселле» Каўгарскага сельскага клуба.
На Асіпоўшчыне фестываль будзе праходзіць раз у два гады.
Хамянок Н.А, начальнік раённага аддзела народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Асіповіцкага раёна»