I рэгіянальны фестываль фальклорнага мастацтва “Чары сівой даўніны” ў Краснаполле
Да крыніц – прыродных і народных – запрасіў аматараў народнай творчасці I рэгіянальны фестываль фальклорнага мастацтва “Чары сівой даўніны”. Адбыўся ён 9 ліпеня на Краснапольшчыне ў маляўнічым кутку каля вёскі Горы – кутку, багатым на прыродную, гістарычную, культурную, сакральную спадчыну. Нездарма гэта мясцовасць вядома пад рознымі назвамі: прыродна-ландшафтны заказнік “Ясеневы гай”, “Панская сядзіба”, “Урочышча Касцёл”, “Гарадзішча”.
З мясцовасцю і яе асаблівасцямі, культурна-гістарычнай спадчынай Краснапольшчыны можна было пазнаёміцца ў час правядзення фестывалю праз інфармацыйную хвілінку, багатыя выстаўкі выдавецкай літаратуры, падрыхтаваныя метадычным аддзелам Краснапольскага РЦК і народным паэтычным аб’яднаннем “Світанак”, УК “ЦБС Краснапольскага раёна”, праз экскурсіі і самастойныя прагулкі.
Прыцягнуць увагу да гэтага кутка аддаленай глыбінкі, звярнуцца да народных традыцый, падняць фальклорны пласт усходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці, даць шанец маленькім вёсачкам і асобным носьбітам фальклору праявіць сябе – галоўная ідэя фестывалю.
Арганізатар фестывалю ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна” паклапаціўся аб насычэнні мерапрыемства рознымі фальклорнымі жанрамі. Гэта было забяспечана правядзеннем конкурсаў: конкурсу фальклорнай песні “Песня маці і сёння жыве”, конкурсу апавядальнікаў “Легенды і паданні роднага краю”, конкурсу гарманістаў “Спявае гармонік”.
Фестываль сабраў аматараў народнай творчасці Магілёўскага, Дрыбінскага, Чавускага, Хоцімскага, Краснапольскага раёнаў Магілёўскай вобласці і нават Краснагорскага раёна Бранскай вобласці Расійскай Федэрацыі. А чаму б і не – калі ў Гарах спяваюць, у Расіі чутна. Справа ў тым, што вёска Горы знаходзіцца на мяжы з Расіяй, і братнія і культурныя сувязі памежных раёнаў застаюцца пастаяннымі і трывалымі.
Хто яны і якія, госці фестывалю?
Народны фальклорны ансамбль “Адраджэнне” Хоцімскага РЦК – яскравы і самабытны пераймальнік мясцовага фальклору – стаў дыпламантам I ступені песеннага конкурсу і сапраўдным упрыгожваннем фестывалю. Ён парадаваў і фальклорным матэрыялам, і якасцю яго выканання, і прыгожымі касцюмамі, вядомымі як краснапольскі строй. Спецыяльнай прэміяй журы адзначана работа гэтага калектыва і ў конкурсе апавядальнікаў легенд, а акампаніятар Хоцімскага РЦК Валянціна Сухадолава атрымала дыплом I ступені ў конкурсе гарманістаў, падзяліўшы ўзнагароду з не менш таленавітымі майстрамі ігры на гармоніку з Краснапольшчыны – Віктарам Саранковым і Аляксеем Андрыянавым.
Дыплом II ступені ў песенным конкурсе атрымалі і госці фестывалю з Палыкавіцкага СДК Магілёўскага раёна. Фальклорны ансамбль “Крынічанька” прывёз на краснапольскую зямлю знаёмыя творы вясельнай спадчыны. Дыпломам III ступені ўзнагароджаны народны ансамбль народнай песні “Журавінка” Цёмналескага СК Дрыбінскага раёна.
Добра паказалі сябе і гаспадары фестывалю. Як заўсёды, чаравалі аўтэнтычныя спевы носьбітаў фальклору Краснапольшчыны Таццяны Феськовай з вёскі Халмы (дыплом II ступені) і Ніны Яцутка з вёскі Пачапы (дыплом I ступені). Добра валодае манерай фальклорных спеваў і ансамбль народнай песні “Спадчына” Пачапоўскага СДК, адзначаны на фестывалі дыпломам I ступені.
Чытач МБУК “Краснагорская МЦРБ” У. Канстанцінаў, удзельнік конкурсу “Легенды і паданні роднага краю”, дыпламант I ступені конкурсу, сабраў легенды, якія распавядаюць пра паходжанне многіх тапанімічных назваў, вядомых жыхарам памежжа двух раёнаў.
Дыпломамі I ступені ў гэтым конкурсе адзначаны А. Канстанцінаў і В. Марчанка, метадыст Краснапольскага РЦК, Г. Каваленка, член народнага аматарскага аб’яднання “Світанак” Краснапольскага РЦК, дыпломамі II ступені – Т. Яфімчык, А. Кандраценка, клубныя работнікі Яноўскага і Ленінскага СДК.
Пра ўсіх і пра ўсё расказаць немагчыма.
Два дзясяткі твораў, якія мы называем матчынай песняй, падарылі, вярнулі з забыцця ўдзельнікі фестывалю. Чыстым струменем, бы крынічная вада, уліваліся гукі родных песень у чуллівыя сэрцы. Чароўныя паданні роднай зямлі, што як рассыпаныя жамчужыны былі сабраны аматарамі даўніны, раскрывалі светапогляд нашых продкаў, фантазію і мудрасць. Найгрышы і мелодыі бытавых танцаў, што дарылі гарманісты, прымушалі кінуцца ў скокі.
Жывы гук фальклорных спеваў, каларытныя галасы носьбітаў і пераймальнікаў фальклору, таямнічасць мясцовых легенд і паданняў, музычныя творы гарманістаў, народныя строі ўдзельнікаў – усё гэта вабіла і ўражвала, раскрывала “чары сівой даўніны”.
Дата і месца правядзення фестывалю былі выбраны невыпадкова. Справа ў тым, што ў дзясятую пятніцу пасля Пасхі менавіта ў гэтым кутку каля Святой крыніцы з незапамянных часоў ладзіцца аўтэнтычны абрад Дзясятуха – абрад асвячэння вады. Адбыўся ён і на гэты раз, аб’ядноўваючы вакол сябе і вернікаў, і зацікаўленых спрадвечнымі скарбамі.
Да скарбаў народных вярталі і шматлікія фестывальныя выстаўкі і іх прэзентацыі. Выстаўка УК “Краснапольскі раённы гісторыка-этнаграфічны музей” прапаноўвала ўнікальныя ганчарныя вырабы былых краснапольскіх майстроў-ганчароў, краснапольскія ручнікі, прылады працы дзядоў і прадзедаў. Сучасныя дэкаратыўныя вырабы, прадстаўленыя клубнымі ўстановамі і іх клубнымі фарміраваннямі, установамі Краснапольскага РЦСАН гаварылі пра пераемнасць традыцый продкаў. Гэта пераемнасць адчувалася і ў тых рамесных і прамысловых відах вытворчасці, якія прапаноўвалі мясцовыя жыхары. На кірмашовым раду можна было набыць самае рознае – ад венікаў для лазні да мёду ў слоіках і залатых сотах, а яшчэ – пачаставацца стравамі народнай кухні і ацаніць смак розных напояў.
Фальклор – гэта асаблівы свет, у нейкай ступені – паралельны з сучаснай культурай. Менавіта ён і панаваў на фестывалі “Чары сівой даўніны”, згуртоўваючы ў адзіны зацікаўлены арганізм усіх прысутных.
Старшыня Краснапольскага райвыканкама А. Л. Трушкін, які наведаў фестываль, адзначыў яго значнасць для захавання ўнікальнай народнай фальклорнай спадчыны, ролю ў папулярызацыі каштоўнасцей малой радзімы і пажадаў фестывалю працягу і доўгага жыцця.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі С. А. Сазонава выказала ўпэўненасць у тым, што фестываль фальклорнага мастацтва “Чары сівой даўніны”, які адразу так добра заявіў пра сябе, па сваёй значнасці стане ў адзін шэраг з вядомымі фестывалямі Магілёўскай вобласці, а па сваёй адметнасці – брэндам Краснапольшчыны.
Валянціна Марчанка, метадыст РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”