«КАЛЯДНЫ ЦУД» НА КРАСНАПОЛЬШЧЫНЕ У ЧАЦВЁРТЫ РАЗ
IV раённы конкурс рамёстваў і ДПМ «Калядны цуд» і выстаўка работ умельцаў і аматараў рукатворнай творчасці Краснапольшчыны зноў дарылі прыгажосць і стваралі навагодні настрой і ўдзельнікам конкурсу, і наведвальнікам выстаўкі.
Мэты і задачы конкурсу – у стымуляванні і развіцці творчай дзейнасці, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, у далучэнні да яго падрастаючага пакалення, у засваенні новых тэхнік і матэрыялаў, у абмене вопытам і знаходкамі, у абуджэнні фантазіі, у стварэнні пазітыўных эмоцый і радасці творчасці і жыцця.
«Кожны год конкурс характарызуецца неаслабным жаданнем канкурсантаў здзівіць сваёй фантазіяй, парадаваць якасцю і прыгажосцю работ, іх разнастайнасцю і незвычайнасцю – адным словам, стварыць цуд», – дзеліцца арганізатар конкурсу метадыст па традыцыйнай культуры Краснапольскага РЦК Валянціна Марчанка.
У 2024 годзе на конкурс былі прыняты 45 работ ад аматараў творчасці сельскіх клубных устаноў і мноства работ ад сапраўдных майстроў – майстроў раённага Дома рамёстваў г. п. Краснаполле.
І членаў журы конкурсу, і гледачоў уразіца дэкаратыўная работа Крапіўніцкай Л. В., кіраўніка клубнага фарміравання Яноўскага СДК. «Дракоша Гоша» – так назвала сваю работу аўтар. Паўмятровая скульптура гэтага навагодняга атрыбута зроблена пляценнем з талашу – любімага матэрыялу гэтай ўмеліцы. Яе работа адзначана дыпломам 1 ступені ў намінацыі «Калядны цуд».
Дыпломам 1 ступені ў намінацыі «Калядны цуд» адзначаны і работы майстроў РДР Андрыянавай В. В., Шчарбаковай В. М., Семчанка С. С., якія прадставілі на конкурс работы з тэкстылю, керамікі і роспіс па дрэву. Сімвал года – распісныя «дракошы» Сняжаны Семчанка, маладога спецыяліста Дома рамёстваў, з задавальненнем набываліся наведвальнікамі выстаўкі.
У намінацыі «Якасць і майстэрства» дыпломы пераможцаў атрымалі:
дыплом 1 ступені – клубнае фарміраванне «Фантазія» (кіраўнік аб’яднання Кандраценка А. У.) Ленінскага СДК;
дыплом 1 ступені - клубнае фарміраванне «Іскусніца» (кіраўнік аб’яднання Васількова Л. У.) Горскага СДК;
дыплом 2 ступені – клубнае фарміраванне «Умелыя рукі» Казельскага СК (кіраўнік аб’яднання Маскалёва Г. П.);
дыплом 3 ступені – клубнае фарміраванне «Рукадзельніца» (кіраўнік аб’яднання Паплыка Н. Р.) Пачапоўскага СДК.
Члены клубнага фарміравання «Іскусніца» Горскага СДК здівілі не толькі якасцю, а яшчэ і вялікай фантазіяй – і ў разнастайнасці работ, і ў разнастайнасці выкарыстаных матэрыялаў. Каля дзясятка розных відаў цацак для ўпрыгожвання навагодняй елкі зрабілі яны сваімі рукамі і сваёй фантазіяй – з падручнага і прыроднага матэрыялаў, з тэкстылю і фоамірану, з джутавай ніткі і інш.
У намінацыі «Арыгінальнасць і фантазія» клубнае фарміраванне «Іскусніца» адзначана дыпломам 1 ступені, а клубнае фарміраванне «Рукадзельніца» Пачапоўскага СДК – дыпломам 2 ступені.
У намінацыі «Захаванне традыцый рамяства» дыпломамі 1 ступені адзначаны Маскалькова В. В., майстар па саломапляценню РДР, і кіраўнікі клубных фарміраванняў Ленінскага і Яноўскага СДК Кандраценка А. У. і Крапіўніцкая Л. В., якія добра валодаюць тэхнікамі пляцення – адна з газетнай лазы, другая з талашу - і актыўна выкарыстоўваюць іх у сваёй творчасці. А яшчэ яны паспяхова перадаюць свае веды і майстэрства іншым - навучэнцам клубных фарміраванняў і аматарам творчасці з ліку насельніцтва праз майстар-класы, выстаўкі і іншыя формы.
У намінацыі «Захаванне традыцый рамяства» дыпломам 2 ступені адзначана малады спецыяліст РДР Вольга Цімафеева, якая прадставіла на конкурс работы ў тэхніцы валяння.
Уручэнне дыпломаў пераможцаў конкурсу адбудзецца 11 студзеня ў Краснапольскім РЦК у час правядзення семінара-нарады па традыцыйнай культуры.
«Хоць я сама захапляюся рукатворным рамяством, і гэта нядрэнна ў мяне атрымліваецца, але кожны раз пры правядзенні конкурсу я знаходжу, чаму можна падзівіцца і чаму павучыцца ў калег і майстроў, што прапанаваць сваім вучням», – дзеліцца ўражаннем А. У. Кандраценка, кіраўнік клубнага фарміравання па ДПМ Ленінскага СДК.
Як бачна, конкурс і выставка «Калядны цуд» прыносяць пэўныя вынікі ў дасягненні мэт па развіццю творчасці, па засваенню тэхнік ДПМ, абмену вопытам аматараў творчасці, а яшчэ – па стварэнню святочнага настрою і пазітыўных эмоцый удзельнікаў конкурсу і наведвальнікаў выстаўкі.
Лепшыя конкурсныя работы прадстаўлены на выстаўцы ў раённым Цэнтры культуры і будуць радаваць краснапальчан, гасцей і наведвальнікаў навагодніх святаў ДУК «ЦКС Краснапольскага раёна» да 18 студзеня.
Не прапусціце магчымасць – наведайце нашу выставу рамёстваў і ДПМ «Калядны цуд».
Валянціна Марчанка, метадыст па традыцыйнай культуры РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”