Калядныя гулянні прайшлі ў Бялыніцкім раёне
13 студзеня ў Бялынічах прайшло народнае свята Каляды. Калядныя гурты з Машчаніцкага сельскага клуба, з Ланькаўскага сельскага цэнтра культуры і вольнага часу, з Кудзінскага і Галоўчынскага сельскіх дамоў культуры на сцэнічнай пляцоўцы, якая выглядала, як інтэр’ер сялянскай хаты, шчыра віншавалі са святам бялынічан і гасцей горада.
У праграме свята былі гульні, забавы, выступленні творчых калектываў і салістаў раённага цэнтра культуры, дзіцячай школы мастацтваў. Была тут і каза, каб урадзіў добры ўраджай, і мядзведзь, каб былі ўсе здаровы, не абыйшлося і без калядных варожбаў. Райпажыўтаварыствам быў арганізаваны гандаль каляднымі прысмакамі, раённая бібліятэка частавала духмянай гарбатай.
Весела прайшлі Каляды ў Бялынічах, гледачы актыўна ўдзельнічалі ў гульнях і забавах, спявалі песні і танцавалі. І як цудоўна, што ў гэты дзень старэйшаму пакаленню давялося ўспомніць сябе ў дзяцінстве, а яшчэ цікавей было іх дзецям і ўнукам паглядзець на жывым прыкладзе, якія гулянні былі ў дзяцінстве бацькоў.
Няма сумнення, што да падрастаючага пакалення данесена актуальнасць і значнасць свята, і яны будуць чакаць наступнага года, каб зноў адсвяткаваць яго.
Людміла Куранкова, метадыст РЦК ДУК «ЦКС Бялыніцкага раена»