“Калядныя ўзоры” майстроў Магілёўшчыны
Работы майстроў Магілёўскай вобласці прадстаўлены на штогадовай XXXI Рэспубліканскай выстаўке сучаснай народнай творчасці “Калядныя ўзоры”, якая праходзіць ў выставачнай зале дзяржаўнай установы “Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці” з 19 снежня 2023 г. па 17 студзеня 2024 г.
“Калядныя ўзоры” – выстаўка, якую ладзіць грамадскае аб’яднанне “Беларускі саюз майстроў народнай творчасці”. Штогадовае мерапрыемства стала пазнавальным брэндам, які вабіць магчымасцю трапіць у атмасферу навагодніх святаў, пабачыць надзвычай шырокую панараму відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, традыцыйных рамёстваў і промыслаў, якія развіваюцца ў нашай краіне. У выстаўцы бяруць удзел больш за 100 творцаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Аснову экспазіцыі складаюць работы членаў Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, таксама на выстаўцы можна будзе ўбачыць і творы тых, хто прэтэндуе на ўступленне ў гэты творчы саюз.
На адкрыцці выстаўкі, 19 снежня, удзел прыняў народны ансамбль народнай песні “Вязанка” Вязьеўскага сельскага дома культуры ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Асіповіцкага раёна”.
Магілёўскую вобласць прадстаўляюць 59 майстроў народнай творчасці з Бялыніцкага, Бабруйскага, Быхаўскага, Глускага, Горацкага, Дрыбінскага, Касцюковіцкага, Кіраўскага, Клімавіцкага, Круглянскага, Краснапольскага, Крычаўскага, Мсціслаўскага, Асіповіцкага, Слаўгарадскага, Хоцімскага, Чэрыкаўскага, Шклоўскага раёнаў, гг. Магілёва і Бабруйска.
Майстры народнай творчасці Магілёўскай вобласці прадставілі работы літаральна ва ўсіх традыцыйных відах народных промыслаў: салома- і лозапляценне, аплікацыя саломкай, выцінанка, шапавальства, ткацтва і вышыўка, мастацкая апрацоўка дрэва і металу, кераміка, роспіс па шкле і тканіне, выраб тэкстыльных лялек, карункавязанне і сувеніры з лёну.
Крысціна Башарымава, вядучы рэдактар УК “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр НТ і КАР”