“Калядныя ўзоры” майстроў Магілёўшчыны

Работы майстроў Магілёўскай вобласці прадстаўлены на штогадовай Рэспубліканскай выстаўке народнай творчасці “Калядныя ўзоры”, якая праходзіць ў выставачнай зале дзяржаўнай установы “Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці” з 18 снежня 2024 па 5 студзеня 2025 года.
Арганізатарамі з’яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Беларускі саюз майстроў народнай творчасці, Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці.


Штогадовае мерапрыемства стала пазнавальным брэндам, які вабіць магчымасцю трапіць у атмасферу навагодніх святаў, пабачыць надзвычай шырокую панараму відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, традыцыйных рамёстваў і промыслаў, якія развіваюцца ў нашай краіне. У выстаўцы бяруць удзел больш за 100 творцаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Аснову экспазіцыі складаюць работы членаў Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, таксама на выстаўцы можна будзе ўбачыць і творы тых, хто прэтэндуе на ўступленне ў гэты творчы саюз.
Магілёўскую вобласць прадстаўляюць 63 майстра народнай творчасці з Асіповіцкага, Бабруйскага, Быхаўскага, Глускага, Горацкага, Дрыбінскага, Касцюковіцкага, Кіраўскага, Круглянскага, Крычаўскага, Мсціслаўскага, Хоцімскага, Шклоўскага раёнаў, гг. Магілёва і Бабруйска.
Майстры народнай творчасці Магілёўскай вобласці прадставілі работы літаральна ва ўсіх традыцыйных відах народных промыслаў: салома- і лозапляценне, аплікацыя саломкай, выцінанка, ткацтва і вышыўка, мастацкая апрацоўка дрэва і металу, кераміка, роспіс па шкле і тканіне, выраб тэкстыльных лялек і іншае.


Крысціна Башарымава, вядучы рэдактар УК “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр НТ і КАР”