Канцэртная праграма “Беларусь – наша маці” прайшла ў Краснаполлі
1 снежня з канцэртнай праграмай “Беларусь – наша маці” Краснапольскі РЦК пачаў творчае падарожжа па раёну, прысвечанае Году народнага адзінства.
Першым пунктам гэтага падарожжа стаў аграгарадок Горы. Тэматычная канцэртная праграма была напоўнена песеннымі творамі, якія дыхалі любоўю да Беларусі, да малой радзімы, раскрывалі непаўторнасць някідкай беларускай прыроды, услаўлялі працавітых землякоў, таленавітых продкаў. Змест такіх твораў, канешне, узвышае пачуцці людзей, насычае духоўнасцю, правіць эмацыянальны стан, аб’ядноўвае людзей.
Радавалі гледачоў і добрыя галасы артыстаў-аматараў Краснаполля. Сярод іх – народны ансамбль народнай песні “Шчадрэц”, кавер-група “Халасцякі”, салісты РЦК Ганна Снытка, Алена Трафімава, Антон Дарафееў, Юрый Падалякін, Кірыл Чалпанаў, Аліна Арлоўская.
Ансамбль народнай песні “Шчадрэц” прапанаваў гледачам свае новыя песенныя творы, якімі ў апошні час добра папоўніў свой рэпертуар пад умелым кіраўніцтвам Алены Трафімавай.
Уразіў вяскоўцаў сваім выступленнем малады саліст РЦК Антон Дарафееў. Яго чысты, палётны, прыгожы голас, з добрымі “вярхамі” і “нізамі”, як выказаліся б спецыялісты, выклікаў сапраўднае задавальненне і асалоду, аб’ядноўваў гледачоў адным пачуццём – любоўю і да мастацтва, і да роднай краіны. А творы, якія абраў спявак, сапраўды патрыятычнага зместу. Сярод іх – “Сонца каласы” (сл. і муз. П. Елфімава), “Гучыць напеў”, інш. Гэтага спевака ўжо добра ведаюць на Краснапольшчыне, без яго ўдзелу не абыходзяцца многія культурныя падзеі, а ў хуткім часе ён парадуе аматараў сваёй творчасці на ўласным сольным канцэрце.
Апявалі сваю краіну і родны куточак, блізкі і дарагі кожнаму сэрцу, і іншыя спевакі, чым пацвярджалі думку, што Беларусь захоўвае сваю незалежнасць дзякуючы народнаму адзінству і вялікаму творчаму патэнцыялу людзей таленавітых, якія шчыра жадаюць росквіту сваёй краіне і шчасця свайму народу.
Валянціна Марчанка, метадыст РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”