Конкурс пабытовага танца “Танчым па-беларуску” прайшоў у Клічаве
Гледачы ўбачылі варыянты традыцыйных танцаў Клічаўскага раёна, якія знайшлі і развучылі людзі, неабыякавыя да сваёй спадчыны. Народны танец-адзін з найбольш старажытных відаў творчасці людзей. Танцамі народ ўпрыгожваў свой побыт, сваё жыццё, выказваў свой настрой, эмоцыі. Танец як нельга лепш здымае стомленасць, стварае прыязную атмасферу, спрыяе збліжэнню людзей. Некаторыя калектывы падрыхтавалі танцы на мясцовым матэрыяле, які ўзялі ад носьбітаў. Пра гэта яны расказвалі са сцэны перад сваімі выступленнямі. На суд журы былі прадастаўлены танцы “Зялёная рошча”, “Лысы”, “Падэспань”, “Кракавяк”, “Грачанікі, “Страданія”, “Свеціць месяц”, “Мікіта”, “Картузэ” і “Войра” ў розных мясцовых варыянтах.
Работнікі ўстаноў культуры вельмі добра падрыхтаваліся і знайшлі чым здзівіць сваіх гледачоў. У час, калі члены журы падводзілі вынікі, для усіх прысутных на мерапрыемстве быў праведзены майстар-клас па традыцыйнаму танцу Клічаўскага раёна “Арэхаўская полька”.
Такі конкурс праводзіўся на сцэне раённага Дома культуры ўпершыню і на падвядзенні вынікаў было вырашана, у якім фармаце гэта будзе праходзіць далей. Запланавалі майстар-класы, іншыя мерапрыемствы, якія будуць дапамагаць зберажэнню і узраджэнню традыцыйных танцаў Клічаўскага раёна.
Елізавета Кавалёва, дырэктар ДУК “ЦКС Клічаўскага раёна”