КРАСНАПОЛЬШЧЫНА Ў СЭРЦЫ МАІМ
Да 80 годдзя вызвалення Краснапольшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў быў прымеркаваны раённы творчы конкурс “Краснапольшчына ў сэрцы маім”.
Ініцыяваны народным літаратурным калектывам “Світанак” Краснапольскага РЦК конкурс накіраван на памнажэнне культурна-гістарычнай спадчыны, выяўленне новых імёнаў аматараў літаратурнай творчасці, выканальніцкага майстэрства, на ўздым духоўнасці і патрыятычных пачуццяў, з’яўленне новых твораў пра Краснапольшчыну – нашу малую радзіму.
Адна з намінацый конкурсу – “Аўтарскі літаратурны твор”, другая – “Лепшы чытальнік літаратурных твораў”.
На конкурс паступіла 12 конкурсных работ ад аўтараў-аматараў мастацкага слова, заяўкі ў другую намінацыю падалі 10 чытальнікаў.
Што хвалюе аўтараў і выканаўцаў мастацкіх твораў? Якія каштоўнасці сваёй малой радзімы яны апявалі? Да якіх тэм звярнуліся?
Сярод работ ёсць тыя, што прысвечаны тэме вайны, мужнасці нашага народа, салдацкаму подзвігу. Да такой тэмы звярнуліся Валянціна Марчанка, кіраўнік народнага літаратурнага калектыву “Світанак”, Сяргей Сыранкоў і Галіна Каваленка, члены гэтага калектыву.
“Старонкі Вялікай Айчыннай вайны, свяшчэнная Памяць ніколі не павінны быць забытыя, трэба перадаваць гэту Памяць з пакалення ў пакаленне ў нашай краіне і ў кожнай сям’і. Гэта памяць павінна заставацца жывой, неўміручай”, - растлумачыла сваю пазіцыю В. Марчанка.
Усхвалявана і з гонарам распавядае пра славутага земляка, паэта А. Пысіна, Галіна Каваленка.
Спакойнае і мірнае жыццё на малой радзіме, прыгажосць яе прыроды, працавітыя землякі, культурныя каштоўнасці – усё гэта стала яшчэ адной тэмай твораў канкурсантаў, сярод якіх В. А. Марчанка, Г. М. Яўсеенка, Д. М. Манько, А. Амельчанка і іншыя.
Усе творцы лічаць, што прыгажэй і даражэй роднай зямлі няма, аб чым з любоўю і сцвярджаюць. Натхнёныя малой радзімай аўтары знайшлі нямала маляўнічых паэтычных вобразаў. Можна ўпэўнена сказаць, што аматарамі мастацкага слова намаляваны добры партрэт Краснапольшчыны, якая займае асаблівае месца ў сэрцы кожнага і якую яны з цеплынёй завуць сваёй любоўю, бацькоўскім краем.
Любоў да малой радзімы, да мастацкага слова адчувалася і ў работах канкурсантаў намінацыі “Лепшы чытальнік літаратурных твораў”. Яны чыталі вершы А. Пысіна, вядомага паэта-земляка, і творы мясцовых паэтаў-аматараў.
Значная колькасць канкурсантаў-чытальнікаў была з ліку клубных работнікаў і іх выхаванцаў з клубных фарміраванняў, а таксама з ліку асобных грамадзян, што сведчыць і аб мэтанакіраванай рабоце спецыялістаў клубных устаноў, і аб праяўленні цікаўнасці насельніцтва да мастацкіх твораў і аб добрым узроўні патрыятычных пачуццяў краснапальчан.
Вынікі конкурсу былі падведзены 28 верасня ў час правядзення краязнаўчых чытанняў “Мой край: вядомы, невядомы”, дзе можна было пачуць лепшыя творы аўтараў-пераможцаў і лепшых чытальнікаў конкурсу.
Дыпломамі I ступені ў намінацыі “Аўтарскі літаратурны твор” былі адзначаны Д. М. Манько, Г. М. Калавенка, В. А. Марчанка, дыпломам II ступені – Г. М. Яўсеенка. Пераможцамі ў другой намінацыі сталі Т. В. Яфімчык і яе выхаванка В. Братачкіна з Яноўскага СДК.
Дыпломы пераможцам уручыла старэйшы інспектар сектара культуры Краснапольскага райвыканкама М. В. Кавалёва.
Арганізатар конкурсу народны літаратурны калектыў “Світанак” выказвае ўдзячнасць усім удзельнікам конкурсу і чакае іх удзелу ў конкурсе ў 2024 годзе.
В. А. Марчанка, метадыст па традыцыйнай культуры РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”