Краснапольскі раён на абласным фестывалі народнай творчасці “Беларусь родная, музычная, народная”
16 мая 2024 года на базе ўстановы культуры “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы” Краснапольскі раён прадставіў творчую прэзентацыю ў рамках абласнога фестывалю народнай творчасці “Беларусь родная, музычная, народная”.
Творчая прэзентацыя знайшла адлюстраванне такіх важных тэм, як Год якасці, 80-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і, вядома ж, тэматыка любові да сваёй малой радзімы.
“Мы рады прэзентаваць сёння наш Краснапольскі раён. У рамках фестывалю “Беларусь родная, музычная, народная” мы прадстаўляем творчыя калектывы нашай галіны культуры, якія ўвасабляюць сабой поўнасцю ўсю творчую дзейнасць раёна, – расказала загадчык сектара культуры Краснапольскага райвыканкама Петрачэнка Святлана. – Краснаполле ад слова “чырвоны” ці “прыгожы”. Прыгожыя – людзі, чырвоны – гэта ў нас гліна. Але славімся мы не толькі глінай, сёння мы знаёмім магіляўчан і з нашымі драўлянымі вырабамі, саломапляценнем, тэкстыльнай лялькай і з многім іншым”.
У фае першага паверха была прадстаўлена выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва майстроў Краснапольскага раёна, а таксама выстава творчых работ установы “Краснапольскі раённы цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”, Краснапольскі раённы гісторыка-этнаграфічны музей.
Гістарычная хроніка Краснапольшчыны, а таксама біяграфіі і дзейнасць вядомых краснапольцаў былі прадстаўлены на выставе-прэзентацыі ДУК “Цэнтральная раённая бібліятэка ім. М.Ткачова” ў выглядзе экспазіцый, прысвечаных рэгіянальнаму святу паэзіі “Вянок Аляксею Пысіну” і краязнаўчым чытанням “Спадчына” памяці Леаніда Васільевіча Лабаноўскага.
Разнастайнасць народнай творчасці прапанаваў раённы Дом рамёстваў. Тут можна было ўбачыць па-майстэрску выразанае з дрэва цацкі, букеты з саламяных руж, вытанчаных саламяных лялек, вышытыя стужкамі пано, карціны, намаляваныя ў тэхніцы “батык”, і шматлікае іншае. Адна з апошніх навінак – пляценне сувенірнай прадукцыі з талаша – на якім спецыялізуецца Янаўскі сельскі дом культуры.
“Краснапольскі раён гэта адзін з нашых аддаленых рэгіёнаў і тут людзі творчыя, якія ўмеюць прыгожа падаць свой матэрыял. Мала таго, што яны гэта прыдумваюць, дык яны яшчэ з прыроднага матэрыялу робяць цуды. Гэта тое, што датычыцца сёння майстроў і народных умельцаў. Менавіта ў такіх рэгіёнах нараджаюцца спрадвечныя таленты”, – адзначыў дырэктар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай працы Хмялькоў Алег.
Самая чаканая частка творчай прэзентацыі – канцэртная праграма “Я раскажу табе пра родны край” – па традыцыі прайшла ў канцэртнай зале, у якой прынялі ўдзел вядучыя творчыя калектывы і выканаўцы Краснапольскага раёна.
Канцэртная праграма складалася з пралога “Я раскажу табе пра родны край” і эпізодаў “Мая зямля, з табой мы паяднаныя”, “Вы достойны навек поклонения”, “Нам выпала шчасце тут нарадзіцца”, “Усё сваё – яно нас і яднае”, “Як ад згубы захаваці клунак спадчыны бясцэнны”.
Разнастайнасць народнай песеннай і танцавальнай творчасці Краснапольшчыны прадставілі народны ансамбль народнай песні “Шчадрэц”, народны вакальны ансамбль “Краснапольская суббацея”, харэаграфічны калектыў “AZART” Краснапольскага раённага Цэнтра культуры, вакальны ансамбль “Спадчына” Пачапоўскага сельскага Дома культуры і іншыя.
Краснапольшчына знакаміта на таленты. Так, на працягу канцэртнай праграмы ўспаміналіся вядомыя імёны землякоў, якія прысвяцілі сябе навуцы: Канстанцін Кернажыцкі, Адам Мельнікаў, Ігар Марзалюк; імёны землякоў, для якіх прызваннем стала вялікае мастацтва: Аляксандр Грубэ – скульптар; Галіна Арцёменка – мастачка; Людміла Лаўрыновіч – артыстка тэатра і кіно; Марыя Пахоменка – спявачка; пісьменнікі і паэты – Пятрусь Бядулін, Андрэй Мрый, Васіль Шашалевіч, Сцяпан Кухараў, Васіль Ткачоў, Анатоль Казлоў, Аляксей Пысін і іншыя.
Быў згаданы фестываль “Тэатральныя вечарыны”, а таксама старэйшы народны непрафесійны тэатр, якому ў 2024 годзе споўнілася 106 гадоў і які з’ўляецца гонарам краснапальчан.
Ганарацца і народнымі калектывамі. Напрыкла, візітная картка раёна – народны ансамбль народнай песні “Шчадрэц” – адзначыў свой 30-гадовы юбілей і сваім выступам запомніўся магілёўскаму гледачу.
Праз краязнаўчыя чытанні на Краснапольшчыне шмат робіцца для захавання культурнай спадчыны, а праз літаратурныя святы і гасцёўні народнага аматарскага паэтычнага аб’яднання “Світанак” папулярызуюцца класікі літаратуры, мастацкае слова і родная мова. І гэта усё было ўзгадана ў рамках канцэртнай праграммы.
“Мы – адзінае цэлае. Нашы продкі разам працавалі, разам адпачывалі, разам абаранялі Радзіму. І як наказ з сівой даўніны з пакалення ў пакаленне перадаецца, што і мы павінны быць адзінымі”, – такімі словымі скончылась творчая прэзентацыя Краснапольскага раёна.
А наступным творчую эстафету прыме горад Магілёў, прэзентацыя якога пройдзе ўжо 22 мая.
Крысціна Башарымава, вядучы рэдактар УК “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр НТ і КАР”