Краснапольскі раён з 24 чэрвеня па 10 ліпеня праводзіць выстаўку-прэзентацыю “Край, што радзімай заву”
Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, адно з галоўных святаў для беларускага народа, – урачыстае і прыгожае, багатае на падзеі і мерапрыемствы. Яно прымушае паразважаць пра каштоўнасці сваёй краіны, зноў і зноў далучыцца да іх – да гістарычных старонак, да свяшчэннай Памяці аб Вялікай Айчыннай вайне і Вялікай Перамозе ў ёй, да дасягненняў краіны, да культурнай спадчыны свайго народа, да творчасці таленавітых беларускіх дзеячоў і, канешне, да каштоўнасцяў сваёй малой радзімы як неад’емнай самабытнай часткі краіны Беларусі.
Метадычны аддзел Краснапольскага РЦК з 24 чэрвеня па 10 ліпеня праводзіць выстаўку-прэзентацыю выдавецкай прадукцыі “Край, што Радзімай заву”, прысвечаную Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
Адзін з раздзелаў выстаўкі багаты на краязнаўчую, даследчую літаратуру, праз якую можна пазнаёміцца з этнакаларытам Краснапольшчыны: даведацца пра самабытныя абрады, якія яшчэ жывуць на Краснапольшчыне, пра паданні і легенды роднага краю, пазнаёміцца з фальклорнымі песнямі, якія беражліва захоўваюцца мясцовымі пяюхамі, з асаблівасцямі народнага касцюма краснапольскага строю, з рушнікамі, з гісторыяй ганчарства, з носьбітамі фальклору і інш.
Другі раздзел выстаўкі пазнаёміць наведвальнікаў з творчымі асобамі краснапольскай зямлі – народным аматарскім паэтычным аб’яднаннем “Світанак” – і паэтычнымі творамі сваіх таленавітых землякоў.
Калі разгарнуць любы з выставачных паэтычных зборнікаў-брашур гэтага аб’яднання, можна атрымаць сапраўдную асалоду ад вершаваных радкоў, прысвечаных нашай краіне і малой радзіме, напісаных ад шчырых сэрцаў і з вялікай любоўю.
Васільковая Белая Русь –
І жытнёвая, і ільняная.
Беларусь ты мая, Беларусь,
Ты Айчына мая дарагая.
Твая чыстая мова гучыць
Песняй маці і словам Скарыны,
Твая слава далёка ляціць –
Па ўсім свеце, ў чужыя краіны…
Буклеты, брашуры, альбомы і кнігі на выстаўцы багата ілюстраваны каляровымі фотаздымкамі, што робіць іх прывабнымі і больш насычанымі інфармацыяй.
Асаблівасцю выстаўкі з’яўляецца тое, што ў яе прэзентацыі для наведвальнікаў удзельнічаюць носьбіты фальклору, мясцовыя паэты з ліку аб’яднання “Світанак”, аўтары прадстаўленых твораў.
Прыходзьце на нашу выстаўку – слухайце і глядзіце, мы гатовыя падзяліцца з вамі сваёй любоўю да роднай зямлі. Мы ўпэўнены, што кожны, хто звернецца да выстаўкі, да яе твораў, атрымае сапраўднае задавальненне, каштоўны вопыт і абавязкова адчуе, што праз матэрыялы выстаўкі прадстаўлены той край, які кожны з нас з любоўю завець сваёй Радзімай – вялікай ці малой.
Валянціна Марчанка, метадыст РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”